Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Давайце возьмемся за Канстытуцыю, уносьце прапановы». Лукашэнка патлумачыў, з кім гатовы да дыялёгу


Аляксандар Лукашэнка заявіў, што гатовы весьці дыялёг, у тым ліку пра абнаўленьне Канстытуцыі. Але ў першую чаргу з працоўнымі і студэнцкімі калектывамі, паведамляе яго прэсавая служба.

«Усе хочуць новага палітычнага ладу. Ды калі ласка, давайце возьмемся за Канстытуцыю, уносьце прапановы. Прадстаўнікі працоўных, студэнцкіх калектываў. І сяляне маюць права на сваё слова, і працоўныя хочуць слова сказаць, і спэцыялісты прадпрыемстваў, і настаўнікі, і лекары. А ня толькі малойчыкі, якія ходзяць па вуліцах і крычаць, што яны хочуць дыялёгу. З вуліцай ніхто з уладаў за стол перамоваў ня сядзе», — сказаў ён.

Пры гэтым ён дадаў, што гатовы весьці дыялёг і з апазыцыяй, калі там будуць «разумныя людзі».

«Калі ёсьць разумныя людзі ад апазыцыі, якія бачаць сваю краіну свабоднай і незалежнай, калі ласка, выказвайце сваю пазыцыю, але не на вуліцы».

Лукашэнка таксама выказаўся пра палітычныя заклікі да студэнтаў ад тых, «хто спрабуе расхістаць становішча ў краіне».

«Яны і ў палітычных мэтах пачынаюць падбухторваць студэнтаў: 1 верасьня прыедзеце на заняткі — выходзьце на вуліцы. Мы да студэнтаў давядзем тую інфармацыю, якую павінны давесьці, да кіраўніцтва ВНУ. Хлопцам мы далі адтэрміноўку ад войска на час вучобы. Ну, ня прагнуць вучыцца, тады Радзіму трэба абараняць. У нас Айчына ў небясьпецы», — папярэдзіў Лукашэнка.

Лукашэнка ўпэўнены, што ў Беларусі пераадолеюць сытуацыю, зьвязаную з несанкцыянаванымі вулічнымі акцыямі.

«Ужо ў мітынгах у падтрымку міру, спакою, дзейнага прэзыдэнта выступіла каля 3 млн чалавек. Гэта ж сіла! — сказаў Лукашэнка. — Наш электарат спакайнейшы: вэтэраны, пенсіянэры, спэцыялісты. Яны ведаюць сваю справу, працуюць. Таму мы і будзем мець тую колькасьць людзей — 80%, якія за нас прагаласавалі».

Ён падкрэсьліў, што ўлады абавязаныя абараніць людзей.

«Людзі зразумелі, што такое жыць у спакойным горадзе-героі Менску, а што такое, калі бамбяць вуліцы, калі на гаўбцы закідваюць кактэйлі Молатава. Ня дай бог, пачнуць кідаць гранаты. Ужо вакол нашай краіны сфармаваліся групоўкі, гатовыя прыйсьці і распаліць гэты пажар. Мы гэтага дапусьціць ня можам», — падсумаваў Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG