Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Беларусі не забудуць пра дзеяньні ўладаў, — прэзыдэнт Літвы


Гітанас Наўседа
Гітанас Наўседа

Улады Беларусі неадэкватна рэагуюць на грамадзян, якія пратэстуюць, лічыць прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа. Пра яго заявы інфармуе агенцтва «Інтэрфакс».

18-ы дзень пратэстаў. Алексіевіч выклікалі ў Сьледчы камітэт. Што адбываецца ў Беларусі

«У нейкі момант здалося, што гвалту будзе менш, намеціўся пераход да дээскаляцыі, але, на жаль, падзеі апошняга часу паказваюць, што сытуацыя зноў пагаршаецца. Мабыць, чым больш страху мае рэжым, тым больш неадэкватная рэакцыя на сытуацыю і тым больш грубае абыходжаньне са сваімі людзьмі, падкрэсьліваю — са сваімі людзьмі», — сказаў Наўседа журналістам у сераду.

«Думаю, людзі маюць добрую памяць і яны не забудуць таго, што рабілася ў дачыненьні да іх», — дадаў кіраўнік літоўскай дзяржавы.

Беларуская праваабарончая арганізацыя «Вясна» ў сераду паведаміла, што каля 50 чалавек затрымалі пасьля акцый апазыцыі напярэдадні ў Менску і некалькіх іншых гарадах краіны.

«Калі бачыш гэтыя фатаздымкі, калі бачыш статыстыку і калі часткова статыстыкі або выпадкаў ня бачыш, таму што яны схаваныя і лёсы гэтых людзей невядомыя, ці патрэбны яшчэ дадатковыя доказы, што мае месца гвалт?» — сказаў Гітанас Наўседа.

Ён таксама заявіў, што паведамленьні ўладаў Беларусі аб нібыта ўзмацненьні сілаў NATO ў краінах Балтыі і Польшчы зьяўляюцца недакладнымі, а ўмацаваньне ўзброеных сіл суседняй дзяржавы на мяжы носіць «паказальны характар».

«Калі камусьці здаецца, што ідзе канцэнтрацыя сілаў NATO, то трэба даць доказы, як гэта адбываецца. Бо гэтага не адбываецца, я гэта ведаю (...). Думаю, што тое, што робіцца (у Беларусі) — гэта дзеяньні паказальнага характару, на якія нам ня варта рэагаваць, і нам ня варта паддавацца на правакацыі», — дадаў Гітанас Наўседа.

Міністэрства абароны Беларусі ў панядзелак пачало трэці этап праверкі баявой гатоўнасьці Ўзброеных сіл і аб’явіла поўную баявую гатоўнасьць у некаторых вайсковых падразьдзяленьнях.

У Беларусі з 9 жніўня працягваюцца масавыя акцыі пратэсту супраць вынікаў выбараў прэзыдэнта, на якіх пераможцам абвешчаны дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, што займае гэтую пасаду з 1994 году. Згодна з зацьверджанымі ЦВК вынікамі, за Лукашэнку прагаласавалі 80,1% выбарнікаў, за яго асноўную апанэнтку Сьвятлану Ціханоўскую — 10,12%. Ціханоўская вынікаў не прызнала.

Усяго ў ходзе акцый пратэсту былі затрыманыя каля 7 тысяч чалавек. Паводле інфармацыі беларускіх уладаў, загінулі трое чалавек, ААН заяўляе аб гібелі чацьвярых. 25 жніўня Сьвятлана Ціханоўская ў звароце да дэпутатаў Эўрапарлямэнту заявіла пра шэсьць ахвяраў.

Да гэтага часу невядома пра завядзеньне крымінальных спраў у дачыненьні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія ўжылі празьмерны гвалт пры затрыманьнях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG