Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомы літоўскі рэжысэр расказаў пра беларускія карані: «Гэта мяне мучыла аж да заўчорашняга дня»


Оскарас Каршуновас. Фота: www.15min.lt
Оскарас Каршуновас. Фота: www.15min.lt

Адзін з самых вядомых і заслужаных у сьвеце літоўскіх рэжысэраў Оскарас Каршуновас расказаў у сваім Фэйсбуку пра беларускае паходжаньне. Творца апісаў, як і чаму ён доўгі час лічыў гэта праблемай і што дапамагло гэтае пытаньне разьвязаць.

Хто такі Каршуновас:

  • Нарадзіўся ў Вільні ў 1969 годзе.
  • З 1990 году ставіў спэктаклі ў Нацыянальным драматычным тэатры Літвы.
  • У 1999 годзе заснаваў уласны тэатар (Тэатар Оскара Каршуноваса).
  • Паставіў больш за 70 п’есаў.
  • У 2001 годзе быў уганараваны адной з самых прэстыжных эўрапейскіх тэатральных прэмій «Новая рэальнасьць». У 2009 годзе Каршуновасу прысвоены ганаровы тытул Кавалера францускага Ордэна літаратуры і мастацтва.
  • Ягоныя спэктаклі паказваліся ў Эстоніі, Расеі, Польшчы, Італіі, Аўстрыі, Нямеччыне, Аўстраліі, Англіі, Францыі, Швэцыі, Фінляндыі, Бэльгіі, Вугоршчыне, Славаччыне, Аргентыне, Ірляндыі, Швайцарыі, Паўднёвай Карэі, Нідэрландах, Вэнэсуэле, ЗША і інш.
Ланцуг салідарнасьці зь Беларусьсю ў Літве
Ланцуг салідарнасьці зь Беларусьсю ў Літве

Што напісаў Каршуновас:

«Беларуская частка мяне ніколі ўва мне не квітнела. Хутчэй яна ў пакоі маёй душы была нібы вялікі, але ня вельмі прыгожы кактус, пастаўлены ў самы далёкі кут, на самым нябачным паўночным падвоканьні.
Мая мама — аўкштайтка з навакольля Біржаў. Ну а бацька — беларус. Я любіў бацьку, а ён мяне. Нашы адносіны былі такія інтэлектуальныя. Ён мне зь дзяцінства чытаў кнігі. Калі я вырас, у нас была традыцыя выходзіць разам прагуляцца.

Падчас прагулак мы шмат размаўлялі. Мы гутарылі пра ўсё — пра літаратуру, гісторыю, прыроду і яе Творцу, пра жанчын. Мы былі як два сябры — вялікі і маленькі. Зімой (а тады былі зімы) мы каталіся на лыжах у Сапегіні. А аднойчы езьдзілі разам катацца на лыжах у Карпаты. Улетку мы езьдзілі на роварах. Калі мы езьдзілі на адпачынак у Палангу або Крым, мы заўсёды разам гулялі ля мора. Дарэчы, гэта былі такія нібы ўцёкі ад мамы, калі мы маглі пагаварыць «па-мужчынску». Праўду кажучы, гэтыя размовы мяне і сфармавалі.

Усё ж у гэтага сяброўства быў і цёмны бок. У школе я саромеўся альбо быў вымушаны саромецца свайго не зусім літоўскага прозьвішча. Дарэчы, яго этымалёгія цікавая. Спачатку гэта быў беларускі «Каршун». Пазьней яно было зрусыфікаванае і зьявіўся суфікс «-оў»: «Каршуноў». Пасьля гэтага зьявіўся літоўскі канчатак «-as». Я заўсёды хацеў быць чыстым літоўцам, але няўдалае прозьвішча, як мне здавалася, мяне тапіла.

Як толькі ў школе паміж хлопцамі ўзьнікаў канфлікт, адразу ў мой адрас гучала «kacapas». Тут, вядома, бяз боек не абыходзілася. Але і пазьней, калі я ўжо стаў рэжысэрам, мне здавалася, што маё прозьвішча мне замінае. У Літве я быў не зусім літовец, у Расеі не расеец, а ў Беларусі — не беларус. З гэтай прычыны ў глыбіні нашага глыбокага сяброўства з бацькам нібы жыў нейкі шашаль. І я ўспрымаў сваю двайную ідэнтычнасьць хутчэй як праблему, чым перавагу. І гэта мяне мучыла аж да заўчорашняга дня.

Здараецца, што кактус, які дзесяцігодзьдзямі стаяў змрочна ў сваім куце, раптам зацьвіце. Так у маёй душы заўчора нешта растала і расьцьвіло. Злучэньне літоўскага і беларускага сьцягоў злучыла і мяне. Я нібыта вылечыўся ад шызафрэніі. А можа, ня толькі я. Бо ў гістарычным пляне ВКЛ заўсёды было зьвязанае зь Беларусьсю, значна больш, чым, скажам, з Латвіяй. Лісты Гедыміна, Пагоня, тэрытарыяльныя валоданьні і гэтак далей. Толькі пазьней расейская акупацыя для беларусаў была значна даўжэйшай і цяжэйшай.

Беларуская гісторыя ВКЛ надзвычай трагічная, як і іх гісторыя ХХ стагодзьдзя. У Другую сусьветную вайну Беларусь пацярпела найбольш. Лічыцца, што краіна страціла 3 мільёны чалавек. Майго дзеда ўжо вялі з групай палонных на расстрэл, і толькі дзякуючы хітрасьці і цуду ён выжыў. Пасьля 1990-х беларусам таксама не шанцавала так, як і іншым постсавецкім краінам. І гэта несправядліва — яны добрыя людзі, магчыма проста занадта добрыя, і ў гэтым іхная бяда.

У мяне шмат сяброў у Беларусі. Разам з Марусам Івашкявічусам і беларускай ляўрэаткай Нобэлеўскай прэміі Сьвятланай Алексіевіч мы ўжо даўно думалі паставіць яе «Чарнобыльскую малітву», яшчэ да знакамітага сэрыялу «Чарнобыль», які збольшага быў створаны паводле яе. Я веру, што гэты наш спэктакль адбудзецца, як і веру ў шчасьлівы канец той драмы, якая цяпер адбываецца ў Беларусі. А тое, што адбылося пазаўчора ў Літве, зноў злучыла народы, якія стагодзьдзямі жылі разам. Ну а я канчаткова прымірыўся са сваім бацькам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG