Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманьні 25 жніўня ў Беларусі. Сьпіс


Аўтазак ля ізалятара ў Горадні, куды прывезьлі 28 затрыманых супрацоўнікаў «Гродна Азот»
Аўтазак ля ізалятара ў Горадні, куды прывезьлі 28 затрыманых супрацоўнікаў «Гродна Азот»

25 жніўня ў Менску і іншых гарадах Беларусі працягнуліся затрыманьні ўдзельнікаў мірных масавых акцый, а таксама людзей зь бел-чырвона белымі сьцягамі, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Менск

У Менску затрымалі:

  1. Максіма Шульскага (затрымалі каля будынку Міністэрства адукацыі, дзе праходзіла акцыя настаўнікаў, павезьлі ў РУУС Маскоўскага раёну),
  2. Дзьмітрыя Аляксандрава (лекар-анколяг, затрымалі пасьля акцыі ля Мінадукацыі, цяпер у ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна да суду),
  3. Марка Вайтовіча (пасьля акцыі каля Міністэрства адукацыі, у РУУС Маскоўскага раёну, пераводзяць у ІЧУ),
  4. Канстанціна Пажарскага (у ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна да суду),
  5. Данііла Шафрана (каля ГЦ «Сталіца» зь бел-чырвона-белым сьцягам, па тэлефоне сказаў сваякам, што ён у РУУС Маскоўскага раёну, аднак у РУУС не пацьвердзілі),
  6. Аляксея Міхайлава (затрымалі пасьля акцыі на плошчы Незалежнасьці, калі ішоў да машыны зь бел-чырвона-белым сьцягам),
  7. Арцёма Ісачанку (пасьля акцыі на плошчы Незалежнасьці, амапаўцы выцягнулі з таксоўкі),
  8. Ільлю Амельчанку (каля плошчы Незалежнасьці; у РУУС Ленінскага раёну),
  9. Андрэя Сташкевіча (каля Галоўпаштамту; у РУУС Кастрычніцкага раёну),
  10. Антона Цундэра (пасьля акцыі на плошчы Незалежнасьці),
  11. Ігара Абрубава (каля плошчы Незалежнасьці),
  12. Івана Сінкаўца (РУУС Маскоўскага раёну),
  13. Сяргея (прозьвішча ўдакладняецца, затрымалі каля плошчы Незалежнасьці, у РУУС Ленінскага раёну).

Таксама стала вядома, што зь вечара 24 жніўня перастаў выходзіць на сувязь работнік МТЗ Максім Мітуневіч. Вядома, што ён удзельнічаў у страйку і мітынгах.

Горадня

У Горадні затрымалі 28 супрацоўнікаў «Гродна Азот», калі яны ішлі па горадзе з працы. Іх завезьлі ў ізалятар на вуліцы Гая. Пад ізалятар прыйшлі каля 500 гарадзенцаў. Хутка супрацоўнікаў адпусьцілі, але АМАП пачаў затрымліваць тых, хто прыйшоў падтрымаць іх. Відавочцы кажуць пра зьбітага хлопца, якога грузілі ў аўтазак. Падрабязнасьці высьвятляюцца.

Таксама ў Горадні ў тралейбусе затрымалі актывіста Яўгена Дудкіна. Ён быў каля РАУС зь бел-чырвона-белым сьцягам.

Гомель

У Гомлі падчас вечаровага шэсьця затрымалі актывіста, экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Беларусі Ўладзімера Няпомняшчых.

Бабруйск

У Бабруйску затрымалі мужа журналісткі «Вечернего Бобруйска» Ірыны Хамрэнка-Ушаковай Івана Хамрэнку. Яны былі на ланцугу салідарнасьці каля ГЦ «Карусель». Цяпер Іван Хамрэнка знаходзіцца ў будынку УУС Бабруйскага гарвыканкаму.

Магілёў

У Магілёве днём затрымалі Валерыя Вярбіцкага, які разам жонкай і маленькім сынам ішоў па Першамайскай вуліцы зь бела-чырвона-белы сьцягам на плячах. Каля іх спынілася аўта, зь якога выскачылі двое супрацоўнікаў у цывільным, не назваўшыся і нічога не тлумачачы, груба адштурхнулі жанчыну і дзіця, моцна напалохаўшы іх, скруцілі Валерыя і запхалі ў машыну. Па стане на 10 вечара з РАУС яго так і не адпусьцілі.

Таксама раніцай у Магілёве затрымлівалі Валадара Цурпанава, удзельніка акцый пратэсту. Яго адвезьлі ў Ленінскі РАУС. У Ленінскім аддзеле Цурпанаў прабыў больш за тры гадзіны. На яго склалі пратакол за арганізацыю 23 жніўня несанкцыянаванага пікету на плошчы Леніна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG