Як паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў, затрыманы 23-гадовы беспрацоўны гамяльчук, які ўзьняў бел-чырвона-белы сьцяг на плошчы Леніна.
Ведамства асабліва падкрэсьлівае, што маладога чалавека раней «прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці за расьпіваньне алькаголю ў неналежным месцы».
Ён нібыта патлумачыў сілавікам, што ўчынак быў «сваволяй», не зьвязанай з палітычнаю і грамадзянскаю пазыцыяй.
Справу, тым ня меней, распачалі паводле крымінальнага артыкулу за «зьнявагу дзяржаўнай сымболікі» (арт. 370).
Артыкул прадугледжвае пакараньні ад штрафу, арышту ці грамадзкіх работаў да абмежаваньня волі на 1 год.