Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жабінцы хаваюць Генадзя Шутава, якому стрэлілі ў галаву падчас акцыі пратэсту


Генадзь Шутаў
Генадзь Шутаў

Генадзя Шутава паранілі 11 жніўня каля Маскоўскага райвыканкаму Берасьця. 19 жніўня ад раны ён памёр у вайсковым шпіталі ў Менску. Цела нябожчыка доўгі час не аддавалі сямʼі.

19 жніўня ў вайсковым шпіталі ў Менску памёр 44-гадовы берасьцеец Генадзь Шутаў. Ён быў паранены ў галаву падчас зачысткі Берасьця пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў 11 жніўня каля Маскоўскага райвыканкаму Берасьця.

Яго дачка Наста расказвала Свабодзе, што бацька крыкнуў «Жыве Беларусь» і а дзясятай вечара патэлефанаваў, што выклікаў таксоўку, каб ехаць дахаты.

«У бацьку стралялі са сьпіны ва ўпор, чалавек, які страляў, быў ззаду яго. Быў вельмі моцна пашкоджаны галаўны мозг, моцны крывацёк, раздрабненьне костак», — кажа дзяўчына.

Генадзь Шутаў — афіцыйна трэцяя ахвяра акцый пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Сваякі вырашылі пахаваць яго ў Жабінцы, дзе жыве маці Генадзя Шутава.

Хто яшчэ загінуў падчас пратэстаў

Шутаў — афіцыйна трэцяя ахвяра акцый пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Першай стаў Аляксандар Тарайкоўскі, які загінуў 10 жніўня на вуліцы Прытыцкага, дзе сілавікі брутальна разагналі акцыю пратэсту. У МУС заяўлялі, што мужчына хацеў кінуць выбуховае прыстасаваньне, але яно выбухнула ў яго ў руцэ. Аднак відавочцы сьцьвярджаюць, што ў яго нічога не выбухала. Аляксандру было 34 гады, у яго засталася 3-гадовая дачка.

16 жніўня ў Гомлі пахавалі 25-гадовага Аляксандра Віхора. Маладога чалавека затрымалі ў Гомелі 9 жніўня. Родныя шукалі сына некалькі дзён, але так і не змаглі атрымаць ніякай інфармацыі. А калі прыехалі ў РАУС пісаць заяву аб выкраданьні чалавека, ім паведамілі, што сын «знайшоўся» у моргу.

19-гадовага мянчука Арцёма Парукава МУС Беларусі таксама называе загінулым удзельнікам масавых пратэстаў. Па вэрсіі міліцыі, кіроўца VW заўважыў Парукава, які ішоў па праезнай частцы Партызанскага праспэкта, і папярэдзіў яго. Але хлопец не адрэагаваў і неўзабаве трапіў пад «Рэно».

Сваякі загінулага ня ведаюць, ці сапраўды ён удзельнічаў у масавых акцыях у той дзень. Яны ня вераць у афіцыйную вэрсію сьмерці хлопца і думаюць, што ён трапіў пад машыну, спрабуючы ад некага ўцячы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG