Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца Бяляцкі: «Можна пасадзіць усю Раду, але ці вырашыць гэта пытаньне агульнапалітычнага крызісу?»


Алесь Бяляцкі, архіўнае фота
Алесь Бяляцкі, архіўнае фота

Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, які ўвайшоў у склад Каардынацыйнай рады па забесьпячэньні трансфэру ўлады, выказаўся наконт крымінальнай справы, заведзенай у сувязі зь яе стварэньнем.

Паводле Бяляцкага, Аляксандар Лукашэнка яшчэ за дзень да першага пасяджэньня Каардынацыйнай рады «нэрвова адрэагаваў на яе стварэньне», таму варта было чакаць наступных «прававых ці неправавых дзеяньняў» з боку ўладаў.

«Генпракуратура ўстала па стойцы „Зважай“ і неадкладна завяла крымінальную справу. Каб завесьці крымінальную справу па фактах масавых катаваньняў, зьбіцьця мірных грамадзянаў 9–13 жніўня беларускімі „тантон-макутамі“, у іх рукі не даходзяць, а тут — раз і гатова. Пракуратура з органу нагляду за выкананьнем законнасьці ператварылася ў прыватны інструмэнт аднаго чалавека», — кажа Бяляцкі.

Паводле яго, артыкул 361 Крымінальнага кодэксу, па якім завялі справу, «даволі экзатычны»: праваабаронца ня памятае, каб па ім каго прыцягвалі да адказнасьці. Як дадае Бяляцкі, прэзыдыюм Каардынацыйнай рады ўжо заявіў, што дзейнасьць Рады ніяк не падпадае пад яго і што адзіная яе мэта — ініцыяваць перамоўны працэс паміж шырокай грамадзкасьцю і ўладамі з мэтай пераадоленьня палітычнага крызісу.

«Рада выступае ад імя беларускага грамадзтва. Можна, вядома, арыштаваць і пасадзіць усю Раду — і нобэлеўскую ляўрэатку, і алімпійскую чэмпіёнку, і былога дыплямата і доктара навук, і праваабаронцу. Але ж ці вырашыць гэта пытаньне агульнапалітычнага крызісу? Ці пагодзіцца з такімі тэрарыстычнымі мэтадамі беларускі народ?» — задае рытарычнае пытаньне Бяляцкі.

Ён адзначае, што цяпер тое, чаго праваабаронцы дабіваліся ўсе гады сваёй дзейнасьці, урэшце адбылося: «беларускі народ пачаў голасна гаварыць і актыўна абараняць свае правы праз акцыі мірнага непадпарадкаваньня», і гэта «магутная мяккая зброя, супраць якой улады бясьсільныя», таму «неабходна не спыняцца і ісьці наперад».

Генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк заявіў 20 жніўня, што дзейнасьць Каардынацыйнай рады зьяўляецца антыканстытуцыйнай і накіраваная на захоп улады. Заведзена крымінальная справа паводле артыкула 361 Крымінальнага кодэксу «Заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь», якая ў якасьці пакараньня прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін да 5 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG