Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін зь лідэраў страйкаму «Беларуськалію» Дзьмітры Кудзялевіч расказаў, што зь ім здарылася падчас зьнікненьня


Пратэст у Салігорску, 17 жніўня 2020 году.
Пратэст у Салігорску, 17 жніўня 2020 году.

Паводле кароткага відэа, апублікаванага страйкамам, 20 жніўня Кудзялевіч быў затрыманы спэцслужбамі.

Адзін зь лідэраў страйкаму «Беларуськалія» Дзьмітры Кудзялевіч зьнік у першай палове дня 20 жніўня. Доўгі час месца ягонага знаходжаньня не было вядомае.

Позна ўвечары 20 жніўня Кудзелевіч пазваніў жонцы і паведаміў, што знаходзіцца ў бясьпецы, аднак дадому так і не вярнуўся. Некаторыя падрабязнасьці здарэньня ён патлумачыў у кароткім відэароліку, апублікаваным раніцай 21 жніўня.


«Добры вечар, мае сябры, мае паплечнікі, — гаворыць Дзьмітры Кудзялевіч. — Адразу хачу падзякаваць вам за намаганьні ў пошуках мяне, за імгненную рэакцыю, за вашу падтрымку. Сёньня сапраўды адбыўся беспрэцэдэнтны выпадак, які ўражвае сваёй беспрынцыпнасьцю і нахабнасьцю. З 10 да 11 гадзінаў мне на тэлефон паступіў званок з просьбай прыехаць на сустрэчу для тлумачэньня пазыцыі нашай Каардынацыйнай рады. Аднак мяне сустрэлі людзі далёка не дружалюбныя і далёка не аднадумцы. Выцягнуўшы з машыны, яны пагрузілі мяне і завезьлі на вядомую вуліцу Паркавую (адрас міжраённага ўпраўленьня КДБ. — РС)».

У роліку Дзьмітры Кудзялевіч таксама паведамляе, што спэцслужбы вельмі пільна сочаць за ўсімі крокамі страйкамаў на «Беларуськаліі».

Па яго словах, неўзабаве ён плянуе вярнуцца да працы ў страйкаме. Ягонае цяперашняе месцазнаходжаньне невядомае.

Раніцай 21 жніўня ў Салігорску адбыўся чарговы сход страйкаму «Беларуськалію». Забастоўка аб’яўлена бестэрміновай. У ёй, паводле інфармацыі страйкаму, у розных формах бяруць удзел некалькі тысяч чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG