Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цэнтры Горадні прайшоў мітынг супраць Лукашэнкі без электрычнасьці, якую абяцалі забясьпечыць ўлады. ФОТА


Мітынг у Горадні
Мітынг у Горадні

У Горадні на плошчы Леніна прайшоў мітынг пратэстоўцаў без электрычнасьці і жывой трансьляцыі.

Улады не далі мітынгоўцам электрычнасьці і гуку, як абяцалі раней. Дзяржаўнае тэлебачаньне не вяло жывой трансьляцыі, як у папярэднія дні.

Сабралася каля пяці тысяч чалавек зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, работнікі прадпрыемстваў. Мітынгоўцы скандавалі: «Лукашэнка, сыходзь», «Жыве Беларусь», «Верым, можам, пераможам».

На самым пачатку каля пастамэнту помніка Леніну зьявіўся мужчына, які крычаў: «Лукашэнка, Лукашэнка». Людзі расступіліся вакол яго.

Потым на плошчы зьявілася некалькі міліцыянтаў, нікога не затрымалі і сышлі.

За гарвыканкамам побач зь мітынгам стаялі некалькі міліцэйскіх машын, за дзьвярыма ў будынку гарвыканкаму былі відаць амапаўцы ў чорнай форме. Да людзей яны не выходзілі.

Прывезьлі мэгафон. Працаваў свабодны мікрафон. Людзі абураліся сытуацыяй у краіне, заклікалі да забастоўкі.

Мітынг ішоў каля гадзіны. Пасьля гэтага адзін з выступоўцаў прапанаваў людзям прыйсьці на наступны дзень а 19 гадзіне. Людзі хутка разышліся. Затрыманьняў не было відаць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG