Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я чуў па міліцэйскай рацыі загады ўжываць любыя спэцсродкі аж да агнястрэльнай зброі»


Украінскіх праваабаронцаў з арганізацыі «Усход SOS» Канстантына Равуцкага і Яўгена Васільева затрымалі ў Беларусі 12 жніўня падчас акцыяў пратэсту. Супраць іх распачалі крымінальную справу аб удзеле ў масавых беспарадках. 14 жніўня іх выпусьцілі зь СІЗА.

Як гэта адбывалася, у эфіры «Настоящего Времени» расказаў Канстантын Равуцкі.

— Мы працавалі на акцыях пратэсту ў той жа самай Беларусі ў папярэднія гады, але такі ўзровень жорсткасьці я сапраўды бачу ўпершыню. Наколькі я разумею, гэтая палітыка — прадэманстраваць максымальную жорсткасьць у адносінах да ўласнага народу, да пратэставай часткі грамадзтва — Лукашэнка яе разглядае як ледзьве не адзіную магчымасьць утрымацца ва ўладзе, бо ўзровень пратэставых настрояў сёлета таксама найбольш высокі, напэўна, за ўсе 26 гадоў кіраваньня Лукашэнкі.

Па нашых адчуваньнях, калі не 97%, як кажа пра гэта апазыцыя, то як мінімум 80% людзей у Менску з тых, зь якімі нам удалося пагутарыць, рашуча настроеныя на зьмены, на рэформы, на зьмену палітычнага кіраўніцтва краіны, і гатовыя актыўна выступаць. Таму цяпер уся паліцэйская машына працуе як гестапа для таго, каб максымальна запалохаць людзей, дэматываваць іх удзельнічаць у акцыях пратэсту. Але па тым, што мы бачым, як разьвіваюцца падзеі, пакуль рэжыму не ўдаецца гэтага зрабіць.

— Няўжо шараговыя міліцыянты сапраўды валодаюць наборам навыкаў, каб у такой колькасьці функцыянаваць як гестапа?

— Мяркуючы па ўсім, так. У міліцыянтаў цалкам разьвязаныя рукі. І шараговыя міліцыянты, і міліцэйскі спэцназ — АМАП, — я чуў іх перамовы, яны працуюць як адзіны арганізм. Па сутнасьці, шараговыя міліцыянты, на маё ўражаньне, па настроях, па злосьці і гатовасьці зьдзяйсьняць падобныя злачынствы амаль нічым не адрозьніваюцца ад АМАПу.

Рукі разьвязаныя, я чуў неаднаразова ў перамовах па міліцэйскай рацыі загады ўжываць любыя спэцсродкі аж да агнястрэльнай зброі ў адносінах да мірных пратэстоўцаў. Я чуў загады, як яны кажуць, «адпрацоўваць» ня толькі групы пратэстоўцаў, але і ўсіх гледачоў. Проста каб людзям было непанадна.

Што мяне яшчэ вельмі непрыемна зьдзівіла — гэта тое, што ва ўсіх гэтых зьдзеках над затрыманымі прымаюць удзел маладыя людзі — 20-гадовыя хлопцы, курсанты міліцэйскіх ліцэяў і ліцэяў унутраных войскаў. Іх навучаюць ужо з гэтага ўзросту, да іх прыстаўляюць настаўнікаў зь ліку міліцыянтаў, іх вучаць ахоўваць, зьдзекавацца з затрыманых. І, на вялікі жаль, многія зь іх відавочна атрымліваюць задавальненьне ад гэтай працы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG