Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рабочы ММЗ: «Афіцыйны прафсаюз нам не дапамагае, хутчэй падтрымлівае адміністрацыю»


Пратэст рабочых, Менск, 18 жніўня 2020 году.
Пратэст рабочых, Менск, 18 жніўня 2020 году.

З 3200 працаўнікоў Менскага маторнага заводу сёньня працягвалі страйк некалькі дзясяткаў чалавек, якія раней падпісалі заявы на адпачынак за свой кошт.

Яшчэ больш за 200 чалавек падпісаліся пад сьпісам патрабаваньняў, перададзеных у адміністрацыю заводу. Сярод іх адстаўка Лукашэнкі, вызваленьне палітвязьняў і новыя выбары.

Пра гэта Свабодзе паведаміў працаўнік заводу Андрусь Комлік-Ямацін.

Раніцай 19 жніўня ён зь іншымі работнікамі ММЗ браў удзел у сустрэчы рабочых каля прахадной МТЗ, якую разагнаў АМАП. Працаўнікі ММЗ вярнуліся на сваё прадпрыемства і тут даведаліся, што ім заблякавалі пропускі ды пагражаюць звальненьнем.

«Абышлося папярэджаньнем, што нам могуць на 10 працэнтаў абрэзаць прэмію, але звольніць ня маюць права, бо мы адсутнічалі толькі 3 гадзіны», — сказаў Андрусь Комлік-Ямацін.

Паводле працаўніка ММЗ, цяпер на заводзе ідзе складаны працэс фармаваньня страйкаму і падрыхтоўкі юрыдычнай базы для страйку.

«Незалежнага прафсаюзу ў нас няма, а афіцыйны нічым не дапамагае. Ён дапамагае хіба што адміністрацыі, а не рабочым. Будзем ствараць страйкам у цэхах і падводзіць юрыдычную базу пад страйк, бо пакуль нам кажуць, што гэта ўсё незаконна. Працэс ідзе, але пагаджуся, што марудна. Няма досьведу», — сказаў Андрусь Комлік-Ямацін з ММЗ.

На прахадной ММЗ спакойна. Рабочыя па адным ці невялікімі групамі выходзяць з заводу, ад размоваў з карэспандэнтам большасьць людзей ухіляюцца ці кажуць, што ім нічога невядома. Актывістаў, як каля прахадной МАЗу, тут няма.

Сяргей, кіраўнік аднаго зь невялікіх падразьдзяленьняў ММЗ, гэтак акрэсьліў настроі на заводзе:

"Людзі адносна страйку падзяліліся паводле ўзросту. Старэйшыя, хто на пэнсіі і працуе, дзякуюць уладзе за тое, што даюць працаваць. Кажуць, прыйдзе новы, невядома што будзе. Маладыя і сярэдняга ўзросту — большасьць за перамены. Сярод начальства распаўсюдзілі загад аб адказнасьці за дысцыпліну, пачаўся большы кантроль. Людзі пачалі больш баяцца", — сказаў Сяргей. Пры гэтым не хаваў, што паедзе пасьля зьмены ў цэнтар гораду і ня выключыў, што будзе там браць удзел у верагодных акцыях пратэсту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG