Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сыну прапанавалі ўехаць у АМАП, ён адмовіўся». Затрымалі хлопца, які падчас акцыі перакрыў дарогу МАЗам

Падзеі ў Менску ў ноч на 10 жніўня.
Падзеі ў Менску ў ноч на 10 жніўня.

28-гадовы «дальнабойнік» Дзьмітры быў затрыманы дома. Як расказала TUT.BY яго мама, падчас акцыі каля станцыі мэтро «Пушкінская» ў ноч з 10 на 11 жніўня да сына падбеглі людзі і папрасілі перагарадзіць дарогу машынай камунальнай службы.

Ён гэта зрабіў. Цяпер яму ставяць у віну парушэньне трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

— Учора Дзьмітрыя паказалі ў беларускай тэлевізіі, так я даведалася, у чым яго абвінавачваюць, — апавядае Ірына, мама затрыманага менчука.

Дзьмітрыю 28 гадоў, ён кіроўца вялікагрузных аўтамабіляў. Увечары 10 жніўня малады чалавек пайшоў на акцыю каля станцыі мэтро «Пушкінская».

З словаў Ірыны, яе сын — «памяркоўны беларус», ён супраць агрэсіі і гвалту, але, як лічыць жанчына, паддаўся на правакацыю.

— Лічу, мой сын апынуўся ў непатрэбны час у непатрэбным месцы, — пачынае свой аповед Ірына. — Затрымалі яго дома 13 жніўня. Калі сталі шукаць Дзіму ў сьпісах МУС, там чамусьці было пазначана: затрыманы 11 жніўня. Больш за суткі не давалі ніякай інфармацыі пра сына. Я прыехала на Акрэсьціна, на той момант людзей ужо выпускалі невялікімі групамі, я чакала — раптам ён таксама выйдзе. Бачыць зьбітых хлопцаў, знаходзячыся ў стрэсавым стане, цяжка. Я ня ведала, як затрымлівалі Дзіму, што адбывалася, біты ён ці не.

Увечары 14 жніўня да Дзьмітрыя ў ізалятар на Акрэсьціна змог трапіць адвакат, ён быў на допыце, але нічога сказаць сям’і ня змог — зь яго ўзялі падпіску аб неразгалошваньні. На наступны дзень Дзьмітрыя перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.

— Ці апавядаў вам сын да затрыманьня, што адбылося падчас акцыі?

— Як казаў Дзіма, калі яны знаходзіліся на Прытыцкага, з натоўпу падбеглі хлопцы, сказалі, ёсьць ключы ад МАЗа, трэба яго перагнаць. Сын мог, ён жа кіроўца грузавога аўтамабіля. Яму прапаноўвалі запусьціць машыну ў натоўп АМАПу, ён адмовіўся і проста перагарадзіў дарогу АМАПу ад пратэстоўцаў.

Учора ў навінах каналу «Беларусь 1» Ірына ўбачыла свайго сына. У сюжэце сказалі, што «некалькі дэманстрантаў спынілі машыну камунальнай службы», пагражаючы пісталетам і гранатай, выгналі кіроўцу і напарніка. А далей паказаны ўрывак з допыту Дзьмітрыя.

«Атрымлівалася так, што гэта хутчэй як правакацыя. Бо спытаў: „Ты хочаш? Едзь“. Ён тут жа як бы зьнік», — кажа малады чалавек.

— Для чаго вы сьціралі свае адбіткі пальцаў? — пытае закадравы голас.

— Страшна, на ўсялякі выпадак. Незразумела, што будзе далей. Была думка, яна прыйшла празь дзьве гадзіны, што з МАЗам я папаўся грунтоўна".

Ірына ўпэўненая, што людзі зь пісталетам — правакатары.

— Гэта відэа выглядае пастановачным, чамусьці ў машыне апынулася прыхаваная камэра. Пры гэтым людзей, якія пагражалі пісталетам і не хавалі сваіх твараў, не затрымалі, — адзначае Ірына.

Цяпер Дзьмітры — падазраваны паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 2 арт. 293 (масавыя беспарадкі), ч.1 арт. 310 (наўмыснае блякаваньне транспартных камунікацыяў), ч.3 арт. 214 (згон транспартнага сродку, учынены з ужываньнем гвалту, небясьпечнага для жыцьця або здароўя, або з пагрозай яго ўжываньня).

XS
SM
MD
LG