Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэжым Лукашэнкі хісткі, як ніколі раней». Цытаты зь міжнароднай прэсы


Падзеі ў Беларусі асьвятляюцца цяпер на першых старонках вядучых выданьняў у сьвеце. Прапануем вам кароткую падборку цытатаў з публікацый апошніх дзён.

Neue Zürcher Zeitung

«Рэжым Лукашэнкі, які захоўваецца ўжо 26 гадоў, хісткі, як ніколі раней. І гэтага ня зьменіць ні вызваленьне дэманстрантаў, ні той факт, што ў апошнія дні і ночы сілавікі, хутчэй, трымаліся ўбаку. Прычына гэтага хаваецца сярод іншага і ў тым, што беларуская намэнклятура не імкнецца да сапраўднага кампрамісу з грамадзянамі».

«Рашэньне аб далейшым разьвіцьці падзей будзе прымацца ня толькі ў Беларусі. Масква пусьціць у ход свой уплыў. Бо ў суседняй заходняй краіне стала відавочным тое, чаго Крэмль баіцца як чорт ладану: пратэст, які ўзьнік безь відавочнай праграмы і дакладнай структуры, ахоплівае ўсё больш пластоў насельніцтва і пачынае падрываць грамадзкую дамову. Беларускі народ палітызуецца і паказвае аўтакрату Лукашэнку, што яго час мінуў».

Libération

«Аляксандар Лукашэнка праводзіў сваю перадвыбарчую кампанію, размахваючы прывідам пагрозы, нібыта Расея хоча паглынуць Беларусь, і зайшоў так далёка, што арыштаваў каля 30 расейскіх наймітаў, якіх абвінаваціў у падрыхтоўцы тэрактаў. Цяпер жа ён раптам зьмяніў курс, у чым ён вялікі майстар, і зьвярнуўся па дапамогу да Ўладзіміра Пуціна, каб засьцерагчы сваю хісткую ўладу».

Le Monde

«Ніколі раней у гэтай былой савецкай рэспубліцы жаданьне пераменаў не было такім прыкметным, а рэпрэсіі не былі такімі жорсткімі. Эўразьвяз павінен палітычна падтрымліваць беларускія памкненьні да свабодных выбараў».

«Для Эўразьвязу дыпляматычнае раўнаньне далікатнае. Пасьля выбараў 2010 году эўрапейцы ўвялі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Яны былі зьнятыя ў 2016 годзе пасьля вызваленьня апошніх палітвязьняў у надзеі пазбавіць аўтакрата ад уплыву Крамля і правесьці рэформы. Стратэгія, межы якой паказваюць цяперашнія падзеі, не спрацавала з патэнтаваным майстрам разыгрываць Брусэль супраць Масквы, і наадварот».

The Washington Post

«Калі мы, амэрыканцы, думаем пра лістапад (прэзыдэнцкія выбары ў ЗША. — РС), мы павінны засвоіць урокі тых людзей, якія рызыкавалі дзеля дэмакратыі і рабілі гэта ва ўмовах больш складаных, чым у нас у краіне. Беларусы вучаць нас таму, што я назваў бы „шасьцю пунктамі“ абароны перамогі на выбарах ад таталітарнага хаосу: падрыхтоўка, перавага, пратэст, мір, настойлівасьць і плюралізм», — піша гісторык Тымаці Снайдэр ў камэнтары «Чаму амэрыканцы павінны павучыцца ад Беларусі».

The New York Times

«Дэмакратычныя дэманстранты ў Беларусі зладзілі свой найбольшы пратэст у гісторыі краіны ў нядзелю, праз тыдзень пасьля таго, як аспрэчаныя імі прэзыдэнцкія выбары прадоўжылі 26-гадовае кіраваньне Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. На мінулым тыдні бунт прыняў рашучы паварот, калі распаўсюдзіліся відэа- і фатаздымкі, на якіх было паказана, што супрацоўнікі спэцслужбаў жорстка рэпрэсуюць дэманстрантаў».

«Факты рэпрэсій выклікалі шырокую рэакцыю ўнутры краіны, якая ўяўляе беспрэцэдэнтную пагрозу кіраваньню спадара Лукашэнкі. Страйкі адбыліся на дзяржаўных прадпрыемствах, дзе тысячы працоўных адмовіліся вярнуцца на працу. Супрацоўнікі міліцыі і дзяржаўных СМІ ішлі ў адстаўку. І як адну з самых драматычных дэманстрацый супраціву былыя супрацоўнікі ваенізаваных органаў МУС разьмясьцілі ў сацыяльных сетках відэа, на якіх яны паказваюць, што дэманстратыўна скідваюць форму».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG