Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некалькі тысяч чалавек сабралася ля турмы на Валадарскага. Адтуль людзі калёнай прыйшлі на Акрэсьціна

абноўлена

Сьледчы ізалятар №1 ГУУС на вуліцы Валадарскага, архіўнае фота
Сьледчы ізалятар №1 ГУУС на вуліцы Валадарскага, архіўнае фота

Некалькі тысяч чалавек прыйшлі ўвечары 17 жніўня да СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, паведамляе Tut.by.

Пляцоўка ля СІЗА на Валадарскага запоўненая цалкам. Па розных ацэнках, тут 5–7 тысяч чалавек. Яны стаяць на ходніках і праезнай частцы. ДАІ перакрыла рух.

Усе ахвотныя выступаюць у рэжыме вольнага мікрафона. Людзі пэрыядычна скандуюць: «Выпускай!», «Лукашэнку ў аўтазак», «Ярмошыну ў турму», «Караева пад суд».

Сярод бел-чырвона-белых сьцягоў каля мікрафона быў і сьцяг Эўразьвязу, але ўдзельнікі акцыі доўга скандавалі: «Прыбяры чужы сьцяг», і сіні сьцяг у выніку зьнялі.

У СІЗА № 1 на Валадарскага цяпер утрымліваюцца блогер Сяргей Ціханоўскі, якога абвінавачваюць у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, і іншыя людзі, затрыманыя па так званай «справе Ціханоўскага». Людзі каля СІЗА неаднаразова скандавалі яго імя.

Пасьля людзі калёнай рушылі ад СІЗА на вуліцы Валадарскага да ізалятара на завулку Акрэсьціна.

Каля 22-ой гадзіны пратэстоўцы дайшлі да парку вакол ізалятара на Акрэсьціна, спыніліся і пачалі скандаваць: «Свабоду!», «Трыбунал». Валянтэры папрасілі людзей супакоіцца, таму што «затрыманым будзе яшчэ горш».

Адзін зь лідэраў калёны сказаў, што многія з тых, хто прыйшоў, сядзелі на Акрэсьціна, і самым важным для іх былі словы падтрымкі. Калёна падтрымала яго і пачала скандаваць: «Свабоду!» і «Давай!». Да будынка ізалятару прапусьцілі прэсу.

Валянтэры казалі, што сюды мусіць пад'ехаць прадстаўніца абʼяднанага штабу Марыя Калесьнікава, але замест яе прыехала прадстаўніца штабу Ціханоўскай Вольга Кавалькова. Як сказала Кавалькова, ёй абяцалі, што да грамадзкасьці выйдзе прадстаўнік ізалятару, але так ніхто ня выйшаў. Ёй толькі сказалі, што «тут няма палітычных зьняволеных».

Кавалькова выйшла да пратэстоўцаў і сказала, што ўначы «мы нічога ня зможам вырашыць», бо прадстаўнікі ізалятару і МУС не ідуць на кантакт, і прапанавала сабрацца на Акрэсьціна заўтра раніцай ці днём. Пратэстоўцы пачалі разыходзіцца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG