Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольнілі дырэктара Купалаўскага тэатру, які ўзяў удзел у «Маршы Свабоды». Каля 50 актораў напісалі заявы на звальненьне

абноўлена

Павал Латушка ля Купалаўскага тэатру, 17 жніўня 2020 году

У тэатар прыехаў прадстаўнік Міністэрства культуры і паведаміў пра гэта калектыву.

Акторы на чале з мастацкім кіраўніком тэатру Мікалаем Пінігіным і кіраўніком літаратурна-драматычнай часткі Вольгай Бабковай пішуць заявы аб звальненьні. Гэта пацьвердзілі Свабодзе акторы Раман Падаляка, Алег Гарбуз, сама Вольга Бабкова.

Усяго заявы напісалі ўжо каля 50 супрацоўнікаў Купалаўскага тэатру.

«Калектыў падтрымлівае свайго дырэктара і таксама падпісвае заявы на звальненьне. Прыходзьце нас падтрымаць», — напісана ў звароце Купалаўскага тэатру.​

Цяпер у Купалаўскім тэатры
Цяпер у Купалаўскім тэатры

На перамовы ў Купалаўскі тэатар прыехаў прадстаўнік Міністэрства культуры, вядзецца размова з трупай. У тэатры знаходзяцца амаль усе акторы, іншыя супрацоўнікі тэатру. Яны падрыхтавалі стос заяваў на звальненьне.

У залі сабраліся каля 70 чалавек з Купалаўскага і іншых тэатраў. Павал Латушка і Мікалай Пінігін пайшлі на сустрэчу з прадстаўніком міністэрства.

Мінкульт: Звальненьне Латушкі – рашэньне прэм'ер-міністра

Як паведаміў Павал Латушка, яго звольнілі паводле артыкула 259 Працоўнага кодэксу Беларусі, «які фактычна кажа пра тое, што звальненьне можа адбыцца з ініцыятывы ўласьніка, нават безь віны супрацоўніка».

На сустрэчы з Паўлам Латушкам прадстаўнік Міністэрства культуры паведаміў, што звальненьне Латушкі прынятае прэмьер-міністрам Беларусі. Гэта зьвязана з выказваньнем Латушкі наконт выбараў і міліцэйскага гвалту ў Менску.

Некалькі соцень чалавек прыехалі да Купалаўскага тэатру, каб падтрымаць звольненага Паўла Латушку, сярод іх – паэт Уладзімер Някляеў.

Актор Купалаўскага тэатру Павал Харланчук ветліва папрасіў усіх разысьціся. Цяпер у тэатры прымаюць нейкія рашэньні.

Павал Харланчук
Павал Харланчук
Людзі прыехалі падтрымаць Паўла Латушку
Людзі прыехалі падтрымаць Паўла Латушку
Людзі не разышліся, чакаюць побач у Купалаўскім сквэры
Людзі не разышліся, чакаюць побач у Купалаўскім сквэры
Плякат на будынку Купалаўскага
Плякат на будынку Купалаўскага

Павал Латушка выступіў супраць гвалту МУС над пратэстоўцамі, заклікаў міністра Юрыя Караева звольніцца, а таксама ўзяў удзел у «Маршы Свабоды» 16 жніўня ў Менску.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG