Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У тэлерадыёкампаніі «Гродна» трое вядоўцаў заявілі, што хочуць асьвятляць падзеі аб’ектыўна. Іх адхілілі ад эфіру


Марш Свабоды ў Горадні, 16 жніўня.
Марш Свабоды ў Горадні, 16 жніўня.

Кампанія фактычна страйкуе, у эфір выходзяць толькі навіны надвор’я.

Супрацоўнікі дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі з Горадні падтрымалі агульнанацыянальныя патрабаваньні і заявілі, што гатовыя надаць пляцоўку для аб’ектыўнага асьвятленьня падзеяў.

Адначасова, як расказаў вядоўца ТРК «Гродна» Дзьмітры Лютомскі, трох вядоўцаў кампаніі Дзьмітрыя Чэкана, Дзьмітрыя Лютомскага і Сяргея Гадзяева кіраўніцтва адхіліла ад эфіраў.

Супрацоўнікі тэлерадыёкампаніі не абвяшчалі страйк, бо мяркуюць, што могуць быць карыснымі, даючы праўдзівую інфармацыю. Паводле Лютомскага, цяпер і так кампанія фактычна страйкуе, у эфір выходзяць толькі навіны надвор’я.

Зварот да старшыні Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусі Івана Эйсманта зьявіўся ў сацыяльных сетках ТРК «Гродна».

Супрацоўнікі абураныя падзеямі, якія адбываюцца ў Беларусі: грубымі парушэньнямі падчас выбарчай кампаніі; парушэньнем правоў і свабодаў грамадзянаў Беларусі; ціскам на журналістаў, цэнзурай у дзяржаўных СМІ.

  • Яны падтрымалі патрабаваньні:
  • прызнаць несапраўднымі вынікі выбараў;
  • адправіць у адстаўку старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну;
  • правесьці новыя прэзыдэнцкія выбары;
  • не дапускаць гвалт над мірнымі грамадзянамі;
  • усіх работнікаў праваахоўных органаў, якія незаконна ўжывалі гвалт, прыцягнуць да адказнасьці;
  • вызваліць усіх палітвязьняў і затрыманых на мірных акцыях пратэсту;
  • скасаваць цэнзуру ў дзяржаўных СМІ,
  • даць магчымасьць аб’ектыўна асьвятляць падзеі.

«Цяпер мы гатовыя даць пляцоўку для канструктыўнага дыялёгу ў радыё- і тэлеэфіры як прыхільнікам, так і ня згодным зь дзейнай уладай», — гаворыцца ў звароце.

Калі патрабаваньні ня выканаюць да 21 жніўня, супрацоўнікі тэлерадыёкампаніі могуць пачаць бестэрміновы страйк.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG