Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля «Беларуськалію» пра далучэньне да страйку абвясьціў наваполацкі «Нафтан»


Комплекс «Нафтан-Палімір», Наваполацак
Комплекс «Нафтан-Палімір», Наваполацак

Увесь тыдзень работнікі буйных беларускіх прадпрыемстваў выказвалі сваю нязгоду з тым, што адбываецца ў краіне, патрабавалі спыніць гвалт з боку праваахоўных органаў, вызваліць усіх затрыманых і палітвязьняў, правесьці новыя сумленныя выбары.

На некаторых зь іх работнікі вырашылі абвясьціць страйк. Учора да іх далучыўся калектыў «Беларуськалію», сёньня — «Нафтану».

Работнікі «Нафтану» выступілі з адкрытым зваротам (ён апублікаваны ў тэлеграм-канале «Внимание, ОАО „Нафтан“»).

«Мы салідарныя з народам Рэспублікі Беларусь. Мы заяўляем: у нас няма даверу да дзейнай улады, бо мірныя беларусы больш не адчуваюць сябе ў бясьпецы ў сваёй уласнай краіне. Беларусам страшна выйсьці на вуліцу, страшна выказаць сваю пазыцыю, страшна зрабіць і адстойваць свой выбар. [...] Мы не прызнаем вынікаў гэтых выбараў, як і многія грамадзяне нашай краіны», — сказана ў звароце.

Аўтары звароту падкрэсьліваюць, што пасьля выбарчай кампаніі ня згодныя з вынікамі выбараў мірныя пратэстоўцы зазналі гвалт з боку супрацоўнікаў сілавых структур.

Работнікі «Нафтану» патрабуюць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі з пасады прэзыдэнта; адстаўкі ЦВК на чале зь Лідзіяй Ярмошынай; вызваленьня ўсіх палітвязьняў і затрыманых падчас гэтай прэзыдэнцкай кампаніі і мірных акцый пратэсту, зьвязаных зь ёй; спыненьня гвалту і перасьледу з боку супрацоўнікаў сілавых структур на адрас мірных грамадзян; расьсьледаваньня ўсіх выпадкаў гвалту над мірнымі пратэстоўцамі і прыцягненьня да адказнасьці вінаватых; правядзеньня новых, сумленных і празрыстых выбараў з допускам міжнародных і незалежных назіральнікаў і празрыстым падлікам галасоў.

У выпадку невыкананьня гэтых патрабаваньняў у 14-дзённы тэрмін работнікі ААТ «Нафтан» зьбіраюцца скарыстаць сваё права на страйк.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG