Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«26 гадоў кашмару павінна скончыцца!». Рэзалюцыя мітынгу ўдзельнікаў Маршу свабоды 


Марш свабоды ў Менску

Удзельнікі шматтысячнага мітынгу каля стэлы «Менск — горад-герой» падтрымалі патрабаваньне каардынатаркі аб’яднанага штабу Марыі Калесьнікавай аб адстаўцы Аляксандра Лукашэнкі.

«Наша галоўнае патрабаваньне — былы прэзыдэнт мусіць падаць у адстаўку. 26 гадоў кашмару павінна скончыцца, гэта не павінна працягвацца», — заявіла Калесьнікава пад ўхваляльныя воклічы мітынгоўцаў.

«Мы цалкам падтрымліваем асноўны пункт у праграме Сьвятланы Ціханоўскай — правядзеньне новых сумленных выбараў», — дадала Калесьнікава.

Яна заявіла, што, паводле шматлікіх сьведчаньняў, менавіта Ціханоўская атрымала перамогу на выбарах 9 жніўня.

«Мы не супакоімся, пакуль цяперашняя ўлада ня пойдзе ў адстаўку і Беларусь ня стане свабоднай краінай», — падкрэсьліла Калесьнікава.
Акрамя таго, удзельнікі мітынгу з ухвалай успрынялі яе заяву аб неабходнасьці неадкладна спыніць гвалт на вуліцах беларускіх гарадоў і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.

«Мы патрабуем неадкладна спыніць гвалт. Ніводзін з датычных да гвалту ня быў пакараны, да гэтага часу ня вызваленыя людзі з турмаў. Так ня будзе», — падкрэсьліла Калеснікава.

Паводле яе , заўтра будзе пададзеная заява на ўзбуджэньне крымінальнай справы паводле фактаў сьмерці людзей, зьдзекаў, незаконных дзеяньняў праваахоўных органаў. Усе павінны панесьці адказнасьць згодна з законам Рэспублікі Беларусі, падсумавала яна.

«Мы патрабуем вызваліць усіх палітычных зьняволеных і затрыманых на мірных акцыях і акцыях нязгоды. І тыя больш як 4 тысячы чалавек, якія застаюцца ў турме», — дадала Калесьнікава.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG