Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастакі і тэатральныя дзеячы выступілі са зваротам да ўладаў і сілавых структураў


Альбом творчай суполкі «Пагоня»
Альбом творчай суполкі «Пагоня»

Сябры мастацкай суполкі «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў абураныя «падманам, хлусьнёй і гвалтам», якія прадэманстравала беларуская ўлада напярэдадні, падчас і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Пра гэта гаворыцца ў заяве творцаў.

«Мы смуткуем па тых, хто загінуў, хто атрымаў калецтвы, спачуваем тым, хто быў затрыманы, зьбіты, зняволены. Усе палітычныя вязьні павінны быць неадкладна вызваленыя, а адказныя за гвалт — панесьці справядлівае пакараньне», — адзначаюць мастакі.

Мастакі заклікаюць улады адумацца, праявіць мужнасьць, каб прызнаць, што людзі стаміліся ад такой «апекі». Беларусы — ня быдла, якое можна загняць у стойла.

«Мы ганарымся, што ў краіне вырасла пакаленьне людзей, якое хоча жыць у вольнай, дэмакратычнай Беларусі. Яны становяцца ў ланцугі салідарнасьці зь бела-чырвона-белымі сьцягамі. Мы разам зь імі. Мы жадаем міру, спакою, дабрабыту сваім дзецям і ўнукам у свабоднай Беларусі».

Аўтары звароту патрабуюць новых, без падману і гвалту, выбараў прэзыдэнта. На іх думку, дзейны кіраўнік мусіць прадэманстраваць адказнасьць і скласьці свае паўнамоцтвы. Мастакі за тое, каб вярнуцца да Канстытуцыі Беларусі 1994 году, каб былі адноўленыя і сталі дзяржаўнымі гістарычныя сымбалі — герб «Пагоня» і бела-чырвона-белы сьцяг.

На час падрыхтоўкі да новых выбараў усе паўнамоцтвы павінен прыняць на сябе Нацыянальны сход у каардынацыі з грамадзкай камісіяй з найбольш аўтарытэтных і паважаных прадстаўнікоў беларускага соцыюму.

Таксама Магілёўскі драматычны тэатар і мастацкі музэй імя Масьленікава зьвярнуліся да прадстаўнікоў дзяржаўных службаў і органаў. Зварот падпісаны 75 работнікамі культуры і адрасаваны перадусім сілавым структурам.

«Мы, мірныя грамадзяне, патрабуем павагі да сябе, патрабуем спыніць беспрэцэдэнтны і неапраўданы гвалт, які дапускаюць праваахоўныя органы супраць мірных грамадзянаў».

Падпісанты нагадваюць сілавікам "пра неад’емнае права на мірныя сходы, свабоду меркаваньняў і перакананьняў, а таксама свабоду слова ды перасоўваньня. І галоўнае — аб праве на жыцьцё, пішуць яны.

Атмасфэра страху і гвалту не дае магчымасьці грамадзянам жыць і працаваць, а пра творчасьць гаворкі наогул няма. На думку творцаў, адной прычынаў гвалту стала адсутнасьць своечасовага інфармаваньня насельніцтва пра тое, што адбывалася ў краіне, пачынаючы з 9 жніўня.

Раней магілёўскі тэатар выступіў у абарону свайго зьняволенага рэжысэра і актора Ўладзімера Пятровіча. Яго затрымалі 10 жніўня на эскурсіі, якую арганізавала магілёўскага суполка ТБМ і асудзілі ў ізалятары на 3 сутак.

На думку Пятровіча, зварот калегаў дапамог яму атрымаць адзін з найменшых тэрмінаў пакараньня з усіх, каго судзілі за пратэсты супраць вынікаў выбараў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG