Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных спраў Чэхіі: Паўторныя выбары ў Беларусі павінны адбыцца пад кантролем міжнародных назіральнікаў


Менск у вечар пасьля выбараў, 9 жніўня 2020

Сёньня адбылася нарада міністраў замежных спраў Эўразьвязу. Яны даручылі Эўракамісіі выпрацаваць санкцыі адносна Беларусі. Вось што расказаў пра рашэньне міністраў кіраўнік МЗС Чэхіі Томаш Пэтршычэк.

Радыё Свабода: Міністры замежных спраў краін Эўразьвязу даручылі Эўракамісіі распрацаваць прапановы санкцыяў. Як вы думаеце, калі сьпісы асобаў, адносна якіх будуць прынятыя санкцыі, могуць быць складзеныя?

Пэтршычэк: Мы дамовіліся, што Эўракамісія і Эўрапейская служба вонкавых дзеяньняў павінны пачаць працаваць над сьпісам людзей, якія ўдзельнічаюць у гвалтоўных дзеяньнях супраць беларускай грамадзкасьці, а таксама ў маніпуляцыях з вынікамі беларускіх выбараў. Я чакаю, што сьпіс будзе прадстаўлены на наступным тыдні, ён будзе прадстаўлены для прыняцьця праз працоўныя групы.

Радыё Свабода: Як вы лічыце, Лукашэнка будзе ўнесены ў сьпіс?

Пэтршычэк: На гэты момант мы не абмяркоўвалі, ці павінен узначальваць сьпіс Лукашэнка. Санкцыі скіраваныя на асобаў, якія арганізоўваюць гвалт і непасрэдна ўдзельнічаюць у фальсыфікацыі вынікаў. Таму я не магу сказаць, хто канкрэтна будзе ў гэтым сьпісе.

Радыё Свабода: Акрамя санкцыяў, што яшчэ можа зрабіць ЭЗ?

Пэтршычэк: Перш за ўсё, Рада накіравала вельмі моцны сыгнал, што выбары не былі свабоднымі, сумленнымі і дэмакратычнымі. У той жа час мы рашуча заклікаем спыніць любы гвалт супраць беларускай грамадзкасьці.

Яшчэ адзін крок для нас — заклікаць да дыялёгу паміж беларускім рэжымам і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі. Было шмат пытаньняў, якія можна было б абмяркоўваць, у тым ліку і пытаньне аб магчымасьці новых выбараў.

І апошняе, але ня менш важнае, — мы просім Эўракамісію актывізаваць падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці. Грамадзянская супольнасьць і незалежныя сродкі масавай інфармацыі адыгрываюць важную ролю ў інфармаваньні, назіраньні за становішчам затрыманых, у інфармаваньні беларускай і эўрапейскай грамадзкасьці пра гвалт, які адбываецца ў краіне.

Радыё Свабода: Вы падтрымліваеце паўторныя выбары? Ці агульная гэта пазыцыя ЭЗ?

Пэтршычэк: Пазыцыя Чэхіі ў тым, што паўторныя выбары павінны адбыцца і яны павінны кантралявацца міжнароднымі назіральнікамі.

Радыё Свабода: Падчас Эўрамайдану некалькі міністраў ЭЗ паехалі ў Кіеў, каб аказаць падтрымку дэманстрантам. Ці плянуеце вы з калегамі ехаць у Менск, каб зрабіць тое ж самае?

Пэтршычэк: Па-першае, мы просім [вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі] Жузэпа Бурэля неадкладна пачаць перамовы зь беларускім рэжымам пра гэта. І спадар Бурэль сказаў нам, што гатовы ехаць у Менск, каб выказаць пазыцыю ЭЗ як беларускай грамадзкасьці, так і прадстаўнікам беларускага ўраду. Мы гатовыя зрабіць гэта. Наш прыярытэт — дамагчыся прамых перамоваў бакоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG