Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сумесная дэклярацыя дэмакратычных партыяў і рухаў: «Лукашэнка прайграў выбары і ажыцьцявіў сілавы захоп улады» 


Страйк у Горадні. 14 жніўня 2020 г.

Лідэры палітычных партыяў і рухаў падпісалі дэкларацыю аб выхадзе з палітычнага крызісу.

Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў канстатавалі, што на прэзыдэнцкіх выбарах 9 жніўня перамогу атрымала Сьвятлана Ціханоўская. На гэтай падставе яны запатрабавалі неадкладнага сыходу ў адстаўку Аляксандра Лукашэнкі — як кандыдата, які не атрымаў падтрымкі народу Беларусі і ажыцьцявіў сілавы захоп і ўзурпацыю ўлады.

Таксама падпісанты патрабуюць неадкладнага вызваленьня ўсіх затрыманых удзельнікаў мірных акцыяў пратэстаў і палітвязьняў.

«Патрабуем адстаўкі і арышту кіраўнікоў КДБ і КДК Валерыя Вакульчыка і Івана Тэртэля, якія шантажавалі расправай над мужам і дзецьмі Сьвятлану Ціханоўскую і прымусілі яе зьехаць з краіны. Патрабуем адстаўкі і арышту кіраўнікоў МУС і АМАП Юрыя Караева і Юрыя Падабеда за ўчыненыя іх падначаленымі жорсткія расправы і зьверствы, неабгрунтаваны гвалт, катаваньні з чалавечымі ахвярамі, ужываньне траўматычнай і агнястрэльнай зброі ў адносінах да ўдзельнікаў мірных пратэстаў. Патрабуем адстаўкі і арышту чальцоў ЦВК на чале зь Лідзіяй Ярмошынай за арганізацыю масавых фальсыфікацыяў, якія прывялі да сілавога захопу і ўзурпацыі ўлады».

Лідэры партыяў і рухаў заклікалі грамадзянаў, у тым ліку працоўныя калектывы, не спыняцца, нарошчваць актыўнасьць сваім удзелам у мірных акцыях пратэсту супраць сфальсыфікаванага галасаваньня і абараніць сапраўдныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў.

Падпісаліся: старшыня БСДП Ігар Барысаў, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, старшыня БКДП Аляксандар Ярашук, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, старшыня ПСП Уладзімер Навасяд, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG