Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітынг на Плошчы незалежнасьці, Менск, 14 жніўня 2020 года.
Мітынг на Плошчы незалежнасьці, Менск, 14 жніўня 2020 года.

Шосты дзень пратэстаў. Масавыя шэсьці і мітынгі рабочых у Менску, Салігорску, Віцебску, Горадні. Жлобіне

14 жніўня ўначы пачалі выпускаць затрыманых у Жодзіне і Менску. З самай раніцы зьявіліся «ланцугі салідарнасьці». Пратэсты прайшлі на многіх прадпрыемствах у розных гарадах Беларусі.

  • Увечары рабочыя «Беларуськалія» на шматтысячным мітынгу запатрабавалі ў салігорскіх уладаў новых выбараў, вызваленьня затрыманых і расфармаваньня АМАПу.
  • У Менску марш рабочых МТЗ зьліўся з калёнай менчукоў і дайшоў да плошчы Незалежнасьці.
  • У Жлобіне шматтысячны мітынг выказаў пратэст кіраўніцтву раёна і горада, якія выйшлі да людзей.

СК завёў крымінальныя справы за «ўдзел у масавых беспарадках» у Берасьці і Пінску

Сьледчы камітэт Беларусі 14 жніўня паведаміў, што завёў крымінальныя справы за ўдзел у масавых беспарадках у Берасьці і Пінску 10 і 11 жніўня.

Падазраванымі праходзяць 99 чалавек. Паводле сьледзтва, зафіксавана пашкоджаньне тратуарнай пліткі і лавак, у якасьці прыладаў злачынства пазначаны «сьмецьцевыя кантэйнэры, камяні і бутэлькі».

Лукашэнка заклікаў беларусаў «супакоіцца і даць навесьці парадак»​

Аляксандар Лукашэнка правёў нараду з чальцамі Савету Бясьпекі Беларусі, на якой абмеркаваў цяперашнюю сытуацыю ў краіне, паведамляе БЕЛТА.

«Чарговы раз мы з вамі вяртаемся да пытаньняў становішча нават не ў Беларусі, а ў сталіцы — у Менску. Не скажу, што катастрофа нейкая або ўжо занадта перенапружаная сытуацыя, але праблемаў хапае і пытаньняў хапае, якія неабходна вырашаць.

Мы сёньня ўжо абсалютна выразна бачым, што адбываецца. Бачым сёньня дзейных асобаў. Як мы і гаварылі, завадатарамі гэтага ўсяго і арганізатарамі зьяўляюцца людзі з замежжа. У першых шэрагах ідуць людзі з крымінальным мінулым, прытым прыстойным крымінальным мінулым. Ну, і нашы — дзе дзеці, дзе не зусім ужо дзеці», — сказаў Лукашэнка.

«Не высоўвайцеся вы цяпер на вуліцы! Зразумейце, што вас і нашых дзяцей выкарыстоўваюць як гарматнае мяса! Сёньня ўжо панаехалі сюды з Польшчы, Галяндыі, Украіны, з гэтай „Адкрытай Расеі“, Навальнага і гэтак далей і да таго падобнае. Ужо агрэсія пачалася супраць краіны», — сказаў ён. Цалкам чытайце па спасылцы.

ВАЎКАВЫСК. Старшыня гарвыканкаму выйшаў да людзей

Прэзыдэнт Літвы: мы прыпынілі праліцьцё крыві ў Беларусі

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што прапанаваны ім плян урэгуляваньня сытуацыі ў Беларусі дапамог прыпыніць праліцьцё крыві ў гэтай краіне, паведамляе партал DELFI.

«Мы крыху прыпынілі праліцьцё крыві, я спадзяюся, што гэта неўзабаве будзе цалкам спынена», — сказаў Наўседа журналістам пасьля сустрэчы з прэзыдэнткай Эстоніі Кэрсьці Кальюлайд. Далей чытайце па спасылцы.

У Горадні зьбіраюць подпісы за вызваленьне палітвязьняў і новыя выбары

19.05 У Горадні на плошчы Леніна, дзе сабраліся пратэстоўцы, ідзе збор подпісаў пад пэтыцыяй аб вызваленьні вязьняў і прызнаньні выбараў несапраўднымі.

На плошчы Леніна расьцягнулі бел-чырвона-белы сьцяг даўжынёй у некалькі дзясяткаў мэтраў.

Людзі пачалі разыходзіцца. Дамовіліся сустрэцца на гэтым жа месцы ў суботу 15 жніўня а 14:00.

Белтэлекам папярэдзіў аб праблемах з інтэрнэтам уначы да канца жніўня

З 17 па 31 жніўня ўначы інтэрнэт будзе працаваць зь перарывамі, паведамляе Белтэлекам.

«Мы адмаўляемся ад званьняў». Сто ляўрэатаў стыпэндыі Лукашэнкі адмовіліся ад яе

Сто стыпэндыятаў, ляўрэатаў, прэміянтаў і дыплямантаў Спэцыяльнага фонду прэзыдэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі і адораных студэнтаў і навучэнцаў адмовіліся ад званьня і ўсіх прывілеяў, піша Tut.by.

У адкрытай заяве гаворыцца, што «немагчыма насіць званьне ляўрэата стыпэндыі прэзыдэнта, калі прэзыдэнт дапускае ў краіне падман і зьверскае зьбіцьцё сваіх жа суграмадзян».

Падпісанты звароту патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі, вызваліць палітвязьняў і затрыманых падчас прэзыдэнцкай кампаніі і мірных акцый пратэсту, спыніць гвалту з боку міліцыі, АМАПу і арміі, спыніць перасьлед журналістаў незалежных СМІ і скажэньне інфармацыі ў дзяржаўных СМІ, а таксама правесьці новыя, сумленныя выбары.

МЕНСК. На плошчы працягваецца спантанны мітынг

18.50 З боку факультэтаў БДУ па вуліцы Бабруйскай нейкі час была спэцтэхніка АМАПу і аўтазакі, яна пастаяла і зьехала. Цяпер вуліцах Савецкай, Бабруйскай Ленінградзкай няма ніякай спэцтэхнікі, перадае карэспандэнт Свабоды з Плошчы.

Людзі прыбываюць, але частка сыходзіць. На плошчы працягваецца спантанны мітынг. Пратэстоўцаў ніхто не разганяе, частка людзей селі на зямлю, каб «не дапусьціць правакатараў». Вайскоўцы, якія стаяць у ачапленьні каля Дому ўраду, абяцаюць, што «калі пратэст будзе мірным, гвалт ужывацца ня будзе».

19.15 Да пратэстоўцоў далучыліся супрацоўнікі «Беларускай чыгункі», яны прыйшлі арганізаванай калёнай з Інстытуту культуры. Цяпер, па словах супрацоўнікаў «Беларускай чыгункі», на плошчы Незалежнасьці прысутнічае каля 150 супрацоўнікаў прадпрыемства.

Да Бабарыкі зноў не пускаюць адвакатаў

Віктар Бабарыка
Віктар Бабарыка

Адвакатаў экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі па-ранейшаму не пускаюць да падабароннага — сёмы дзень запар, паведамляе БелаПАН.

Паводле адваката Дзьмітрыя Лаеўскага, днём абаронцы пабывалі на прыёме ў Генэральнай пракуратуры, дзе праінфармавалі аб «неабходнасьці пераканацца ў тым, што Віктар Дзьмітрыевіч знаходзіцца ва ўмовах маральнай і фізычнай бясьпекі».

Людзі выйшлі на пратэст у Слоніме

Ангела Мэркель асудзіла гвалт над пратэстоўцамі ў Беларусі

Канцлер Нямеччыны абураная затрыманьнямі тысяч удзельнікаў мірных пратэстаў у Беларусі. Афіцыйны Бэрлін нагадаў Менску аб праве на свабоду выказваньня меркаваньняў і заклікаў неадкладна вызваліць затрыманых, паведамляе Deutsche Welle.

Ангела Мэркель рашуча асуджае жорсткасьць і гвалт у дачыненьні да мірных пратэстоўцаў у Беларусі. Пра гэта паведаміў 14 жніўня афіцыйны прадстаўнік ураду Нямеччыны Штэфэн Зайберт). Асаблівую крытыку Мэркель выклікала затрыманьне тысяч удзельнікаў мірных акцый пратэсту і паведамленьні аб недапушчальным абыходжаньні зь імі.

Сталы каардынатар ААН у Беларусі заклікала ўлады неадкладна перадухіліць катаваньні зьняволеных

Выклікаюць вялікую занепакоенасьць паведамленьні аб катаваньнях і іншых формах жорсткага абыходжаньня зь людзьмі, затрыманымі на акцыях пратэсту ў Беларусі, заявіла сталы каардынатар ААН у Беларусі Яанна Казана-Вісьнявецкая.

«Катаваньні, іншыя формы жорсткага, бесчалавечнага і зьневажальнага для чалавечай годнасьці абыходжаньня абсалютна забароненыя і для іх ня можа быць ніякіх апраўданьняў», — сказала Казана-Вісьнявецкая.

Сталая каардынатарка ААН у Беларусі просіць тэрміновай сустрэчы зь міністрам унутраных справаў, а таксама забясьпечыць доступ супрацоўнікам ААН у два цэнтры ўтрыманьня пад вартай у Менску.

Рада Эўропы гатовая дапамагчы Менску ў правядзеньні рэформаў, — генэральны сакратар арганізацыі

Генэральны сакратар Рады Эўропы Марыя Пэйчынавіч-Бурыч заклікала ўлады Беларусі забясьпечыць свабоду сходаў і слова і паведаміла пра гатоўнасьць арганізацыі дапамагчы Менску ў правядзеньні рэформаў. «Сытуацыя ў Беларусі працягвае выклікаць занепакоенасьць», — гаворыцца ў яе заяве, перададзенай у пятніцу ў «Інтэрфакс» прэс-службай Рады Эўропы.

ГОРАДНЯ. Каля 30 тысяч чалавек не зьмяшчаюцца на плошчы Леніна

18.35 Да дэманстрантаў на плошчы Леніна падышлі некалькі тысяч супрацоўнікаў «Гродна Азот», «Гроднажылбуд» і іншых прадпрыемстваў. Усе не зьмяшчаюцца на плошчы, займаюць прылеглыя вуліцы. Скандуюць «Жыве Беларусь», «Верым, можам, пераможам». Улады сышлі ў будынак гарвыканкаму. Дзясяткі людзей стаяць у чарзе пакінуць подпіс пад пэтыцыяй, якую перадалі ў гарвыканкам.


Дырэктар стадыёна «Нёман» Віктар Шумель, які падтрымаў Сьвятлану Ціханоўскую і якога затрымлівалі падчас мірных акцый, заклікаў да бестэрміновай забастоўкі да зьмены ўлады.

18.50 На плошчы каля 30 тысяч чалавек. Людзі скандуюць «Сыходзь», «Верым, можам, пераможам». Расьцягнулі бел-чырвона-белы даўжынёй некалькі дзясяткаў мэтраў. Свабодны мікрафон.

Рабочыя «Беларуськалію» патрабуюць новых выбараў, вызваленьня затрыманых і расфармаваньня АМАПу

Журналісты налічылі на мітынгу каля 4 тысяч супрацоўнікаў прадпрыемства. З словаў генэральнага дырэктара Івана Галаватага, быў затрыманы 31 чалавек, цяпер 24 адпушчаныя.

Людзі запатрабавалі расфармаваць АМАП, правесьці новыя выбары з новым складам Цэнтральнай выбарчай камісіі, вызваліць усіх палітзьняволеных.

Іван Галаваты сказаў, што «ён з калектывам», але тэму палітычных пытаньняў не закранаў. Людзі вельмі эмацыйна зьвярталіся да чыноўніка і крычалі «Сыходзь!», «Вызваляць!» і «Бастуем!».

Таксама людзі запатрабавалі выплаціць заробак затрыманым за той час, пакуль яны былі за кратамі. Людзі казалі пра зьверствы сілавікоў і патрабавалі працягнуць вінаватых да адказнасьці. Таксама працоўныя прыгразілі спыніць вытворчасьць, «пакуль патрабаваньні ня будуць выкананыя».

Цапкала рыхтуе дакумэнты супраць Лукашэнкі для накіраваньня ў Міжнародны суд

Апазыцыйны палітык Валер Цапкала заявіў, што ягоны Фронт нацыянальнага ўратаваньня Беларусі рыхтуе матэрыялы для адкрыцьця крымінальнай справы на Аляксандра Лукашэнку.

«Фронт нацыянальнага ўратаваньня Беларусі рыхтуе матэрыялы для адкрыцьця крымінальнай справы на грамадзяніна Беларусі Лукашэнку. Перадусім гэта дакумэнтальныя фота- і відэаматэрыялы, якія пацьвярджаюць факты зьдзяйсьненьня крымінальных злачынстваў супраць беларускага народу», — цытуе «Інтэрфакс» заяву Цапкалы. Цалкам чытайце па спасылцы.

У Менску ля Дому ўраду сабралася каля 3-5 тысяч дэманстрантаў

Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч ацэньвае колькасьць дэманстрантаў ля Дома ўраду на Плошчы Незалежнасьці ў Менску ў 3— 5 тысяч чалавек, але людзі яшчэ знаходзяцца і на праспэкце Незалежнасьці. Частка дэманстрантаў села ля помніка Леніну. Людзі скандуюць «Сьвета — прэзыдэнт».

Да Дому ўраду прыйшоў былы кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Дзьмітрыеў, піша Tut.by. Ён заявіў, што пойдзе ў Вярхоўны суд, і расказаў пра «народныя позвы» — папрасіў выбарнікаў даказаць, за каго яны галасавалі.

МЕНСК: Калёны вайсковай тэхнікі едуць у цэнтар

18.05 Некалькі калёнаў вайсковай тэхнікі, у тым ліку вадамёты, едуць у цэнтар Менску з кірункаў Уручча, Маякоўскага, праспэкту Дзяржынскага, Ціміразева, паведамляюць сьведкі.

Мітынгоўцы на плошчы Незалежнасьці селі на зямлю ў знак таго, што пратэст мірны. І скандуюць лёзунгі дня.

Вайсковая тэхніка не паехала на плошчу Незалежнасьці, спынілася ў двары каля БДУ з боку вуліцы Бабруйскай.

На плошчы Незалежнасьці працягваецца мірны пікет, сотні людзей гуляюць па праспэкце Незалежнасьці з нацыянальнымі сьцягамі і самаробнымі плякатамі.

Камандзір Унутраных войскаў, які ахоўвае Дом ураду, вёў дыялёг зь мітынгоўцамі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG