Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцы ЗША і Эўропы зьвярнуліся да кіраўніцтва Беларусі з заклікам правесьці новыя свабодныя выбары


Пратэст у Менску, 13 жніўня 2020 году.

Каля шасьцідзесяці прафэсараў з ЗША, Канады і эўрапейскіх краін выступілі са зваротам, у якім тлумачаць, што «любы ўрад раз і назаўсёды губляе легітымнасьць, калі большасьць грамадзян адмаўляецца прымаць правілы, прадыктаваныя зьверху».

Ліст адрасаваны ўсім цэнтральным установам Рэспублікі Беларусь, але не пэрсанальна іх кіраўнікам.

У лісьце аўтары выказваюць глыбокую занепакоенасьць «вострым дзяржаўным крызісам у Беларусі пасьля дня выбараў 9 жніўня 2020 году. Асабліва нас непакоіць эскаляцыя гвалту ў дачыненьні да тысяч беларускіх грамадзян з мінулай нядзелі, што дакумэнтальна пацьвярджаецца шэрагам інфармацыйных агенцтваў».

Таксама навукоўцы «занепакоеныя тым, што тысячы беларускіх грамадзян, якія выйшлі на вуліцы з патрабаваньнем правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў, перасьледуюцца, зьбіваюцца супрацоўнікамі праваахоўных органаў, арыштоўваюцца і ўтрымліваюцца пад вартай на працягу некалькіх дзён у нечалавечых умовах...»

Асобна аўтары ліста выказваюць пратэст у сувязі з «адвольнымі нападамі міліцыі і іншых праваахоўных органаў на грамадзян у грамадзкіх месцах або ў іх дамах».

«Як гісторыкі, сацыёлягі, палітолягі і дасьледчыкі беларускай культуры, — пішуць аўтары ліста, — мы выдатна ўсьведамляем сацыяльныя, эканамічныя і палітычныя выклікі, зь якімі Беларусь сутыкнулася пасьля распаду СССР. Абапіраючыся на фізычны і вайсковы гвалт у дачыненьні да ўласных грамадзян, беларускія ўлады ня змогуць пераадолець гэтыя выклікі, асабліва эканамічны крызіс краіны і крызіс палітычнага прадстаўніцтва, які стаў відавочным у ходзе мінулай выбарчай кампаніі. Любы ўрад раз і назаўсёды губляе легітымнасьць, калі большасьць грамадзян адмаўляецца прымаць правілы, прадыктаваныя звыш, без уліку дзяржаўных інтарэсаў».

Напрыканцы ліста яго аўтары пішуць:

«Мы заклікаем усе дзяржаўныя і праваахоўныя органы, уключна міліцыяю і АМАП, унутраныя войскі МУС, узброеныя сілы Беларусі, спыніць напады на дэманстрантаў і прадстаўнікоў беларускай грамадзкасьці.

Мы заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх грамадзян, якія былі арыштаваныя падчас акцый пратэсту пасьля дня выбараў 9 жніўня 2020 году.

Мы заклікаем да неадкладнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных, уключаючы усіх кандыдатаў на выбары ў Беларусі ў 2020 годзе.

Мы заклікаем да свабодных і справядлівых выбараў. Толькі выбарчы працэс, падчас якога ўсе кандыдаты маюць роўны доступ да ўсіх сродкаў масавай інфармацыі і грамадзкіх месц для адстойваньня сваіх правоў, а таксама празрысты і праўдзівы падлік усіх бюлетэняў гарантуе дэмакратычныя выбары. Для забесьпячэньня гэтага працэсу мы рэкамэндуем стварыць новую Цэнтральную выбарчую камісію, у склад якой увойдзе роўная колькасьць прадстаўнікоў дзяржаўных і няўрадавых арганізацый».

Поўны тэкст ліста і імёны прфэсараў, якія яго падпісалі, глядзіце ТУТ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG