Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні каля тысячы супрацоўнікаў «Гродна Азот» далучыліся да вулічнага пратэсту. ФОТА


Каля тысячы работнікаў буйнога хімічнага прадпрыемства «Гродна Азот» ідуць ад заводу ў цэнтар Горадні 13 жніўня.

Перад гэтым на хімічным гіганце «Гродна Азот» тысячы чалавек падпісаліся пад заявай аб нязгодзе з вынікамі выбараў. Супрацоўнікі «Гродна Азот» сьцьвярджаюць, што большасьць тэхналягічных цэхаў ня можа спыніць працу, бо там бесьперапынная вытворчасьць. Іначай наступствы — «аж да тэхнагеннай катастрофы».

Спачатку з заявай выступіў Беларускі незалежны прафсаюз, да якога належыць і частка супрацоўнікаў Горадзенскага хімічнага прадпрыемства. У заяве гаварылася, што людзі нязгодныя з фальсыфікацыяй выбараў, што іхнія галасы скрадзеныя. Яны выступалі за свабоду волевыяўленьня і за тое, каб спыніць гвалт у дачыненьні да мірных грамадзян.

Сустрэча з кіраўніцтвам гораду
Сустрэча з кіраўніцтвам гораду

Калектыў «Гродна Азот» выступіў са сваёй заявай у падтрымку заявы Беларускага незалежнага прафсаюзу. У ёй гаворыцца: «Мы не галасавалі за Аляксандра Лукашэнку». Па словах старшыні незалежнага прафсаюзу «Гродна Азот» Ханевіча, подпісы пад ёй пакінулі амаль усе супрацоўнікі — тысячы чалавек.

Некалькі тысяч гарадзенцаў ідуць па цэнтры Горадні. Супрацоўнікі «Гродна Азот» далучыліся да дэманстрантаў на парку Жылібэра. Людзі скандуюць: «Свабоду палітзьняволеным!», «Сыходзь!», «Жыве Беларусь!», «Верым, можам, пераможам!». Калёна спынілася на Савецкай плошчы.

Раней каля каля 800 горадзенскіх мэдыкаў у белых халатах сталі ў ланцуг салідарнасьці каля мэдунівэрсытэту ў Горадні, побач з радзільняй.

Яны трымаюць белыя кветкі, балёнікі і аркушы з надпісамі: «Мы супраць гвалту», «Мы памятаем пра вашую дапамогу», скандуюць: «Мэдыкі з народам». Ім сыгналяць аўтамабілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG