Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранік пра акцыю мэдыкаў: «Выразна зрэжысэраванае мерапрыемства спрабуюць выдаць за стыхійную акцыю»


Міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік пракамэнтаваў сёньняшнюю акцыю пратэсту мэдыкаў «Мэдыкі з народам». Камэнтар апублікаваны ў афіцыйным Тэлеграме ведамства.

У ім гаворыцца, што Мінздароўя «разумее занепакоенасьць» усёй мэдычнай супольнасьці тым, што цяпер адбываецца ў Беларусі, і заклікае мэдыкаў «захоўваць спакой», а прадстаўнікам тых калектываў, «дзе ёсьць нявырашаныя праблемы», вырашаць іх «шляхам мірных перамоваў» — зьвярнуцца ў Міністэрства аховы здароўя і прафсаюз.

Акцыя мэдыкаў у Менску
Акцыя мэдыкаў у Менску

«Сумна бачыць, як выразна зрэжысэраванае мерапрыемства спрабуюць выдаць за стыхійную акцыю пратэсту мэдыкаў.

Крыўдна разумець, што нашых калегаў выкарыстоўваюць для стварэньня карцінкі і правакаваньня сілавога адказу прадстаўнікоў органаў унутраных спраў. Дзіўна ўсьведамляць, што людзі, якія выступаюць супраць гвалту, адмаўляюцца размаўляць і вырашаць праблемы.

Дзіўна бачыць, як арганізатары выстаўляюць нашых супрацоўнікаў для лепшага кадру, прадстаўляючы гэта як стыхійную акцыю — «станьце роўна, пасуньцеся ўбок, падыміце плякат, не размаўляйце», — піша Каранік.

Акцыя мэдыкаў 12 жніўня
Акцыя мэдыкаў 12 жніўня

Як сьцьвярджае міністар, многія мэдыкі, якія заклікалі выйсьці на акцыю ў Менску, самі знаходзяцца ў іншых гарадах ці проста не прыходзяць на акцыю. І хоць, на думку Караніка, значная частка ўдзельнікаў акцыі прыйшла з добрымі намерамі, «наяўнасьць хоць бы некалькіх правакатараў сярод вас — на жаль, здольная справакаваць сілавы адказ прадстаўнікоў органаў правапарадку».

Ён заклікаў мэдыкаў «ня даць сябе ўцягнуць у гульню, правілаў якой вы не разумееце, а што яшчэ горш — у гульню бяз правілаў».

12 жніўня каля 200 мэдработнікаў у Менску выйшлі на акцыю пратэсту супраць гвалту сілавікоў падчас акцыяў пратэсту ў Беларусі. Яны сабраліся каля Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту на праспэкце Дзяржынскага і сталі ў «ланцуг салідарнасьці». Некаторыя трымалі плякаты «Мэдыкі супраць гвалту», чырвоныя і белыя кветкі.

Да ўдзельнікаў акцыі выйшаў міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік і прапанаваў паразмаўляць унутры актавай залі мэдычнага ўнівэрсытэту. Але мэдыкі адмовіліся, сказаўшы: «Размаўляйце з намі тут і цяпер».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG