Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усё чакалі выбачэньняў, а нас пачалі запужваць». Дзяўчат, затрыманых сёньня каля ратушы ў Віцебску, пачалі адпускаць


«Ланцуг салідарнасьці» ў Віцебску 12 жніўня
«Ланцуг салідарнасьці» ў Віцебску 12 жніўня

Пра гэта Свабодзе паведаміла адна з затрыманых дзяўчат Стася, якую ўжо адпусьцілі. На яе склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні паводле часткі 1 артыкула 23.34. Дата і час суду ў ім не пазначаныя. Супрацоўнікі РАУС сказалі, што зьвяжуцца зь дзяўчынай пазьней.

З Стасіных слоў, у першую чаргу адпускалі непаўналетніх і тых жанчын, у якіх дома засталіся малыя дзеці. Некаторыя жанчыны яшчэ застаюцца пад вартай.

Паводле Стасі, пасьля затрыманьня дзяўчат павезьлі ў Кастрычніцкі РАУС, што недалёка ад ратушы, на пешаходнай вуліцы Суворава. Некаторы час усе чакалі ў калідоры. Пасьля іх перавялі ў актавую залю. Стася налічыла 15 затрыманых.

Суразмоўніца кажа, што некалькі гадзін пайшло на розныя фармальнасьці. Пасьля кожную з затрыманых запрашалі ў кабінэт да старшыні Кастрычніцкага РАУС на размову.

«Усе чакалі выбачэньняў, а нас пачалі запужваць, — кажа Стася. — Пыталіся, адкуль кветкі, чаму менавіта такія, чаму нашыя мужчыны нас не падтрымалі, ці разумеем мы наступствы свайго ўчынку. Цікавіліся, ці ведаем мы, што можам трапіць у ізалятар і бліжэй пазнаёміцца з умовамі тамтэйшага ўтрыманьня».

З слоў Стасі, дзяўчат папярэдзілі, што наступным разам зь імі могуць абыходзіцца па-іншаму. І дадала, што супрацоўнікі РАУС вельмі сьпяшаліся — іх выклікалі на вечаровае патруляваньне вуліц.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG