Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 10 гадоў зьняволеньня. Якія законы могуць парушаць сілавікі пры жорсткіх разгонах


Менск, 10 жніўня

Пасьля выбараў 9 жніўня па ўсёй Беларусі цягам трох дзён пракацілася хваля пратэстаў. Міліцыя, АМАП, унутраныя войскі, іншыя сілавыя фармаваньні ўжывалі супраць пратэстоўцаў сьвятлашумавыя гранаты, гумавыя кулі, сьлезацечны газ. Разьбіраемся, ці яны маглі парушаць закон і якое пакараньне за гэта прадугледжвае заканадаўства.

Дзеяньні сілавікоў у Беларусі рэглямэнтуюць закон «Аб міліцыі» і ўнутраныя распараджэньні, да якіх няма адкрытага доступу. Міліцыя, вайскоўцы і сілы спэцыяльных атрадаў ня вызваленыя ад адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці, іхныя дзеяньні таксама падлягаюць законам Беларусі.

Міліцыя агучыла адзін выпадак ужываньня баявой зброі ў Берасьці ў ноч на 12 жніўня. Паводле вэрсіі міліцыі, адзін чалавек паранены. Таксама вядома пра 52 выпадкі нападу на журналістаў: некаторыя атрымалі раненьні. Ці гэта ўсё законна?

Перавышэньне службовых паўнамоцтваў: ад 3 да 10 гадоў зьняволеньня

Паводле экспэрта ў бясьпецы, экс-супрацоўніка Генэральнай пракуратуры Беларусі Андрэя Сыцько, сілавікі неправамерна ўжывалі спэцсродкі і сілу. У законе апісана, як стасаваць сілу, спэцыяльныя сродкі і зброю.

«У інструкцыях пералічаныя выпадкі, у якія месцы і ў якіх выпадках можна наносіць удары, куды можна страляць у крайніх выпадках. Удар дручком, да прыкладу, няможна наносіць у галаву ці па шыі. А тут бачна, што дручкамі білі куды заўгодна. Нельга біць дручком па нырках ці каленях», — прыводзіць прыклады экспэрт.

Душыльныя прыёмы сілавік можа ўжываць, калі ёсьць пагроза жыцьцю яго ці грамадзянаў, працягвае Андрэй Сыцько. А ўдар у твар — гэта наагул не прыём барацьбы.

«Прыёмы і спэцсродкі могуць прымяняцца сувымерна, калі чалавек можа ў адказ ўжыць зброю ці зрабіць нешта такое, ад чаго пацярпяць людзі. Калі чалавека некалькі гадзін трымаюць, укладваюць, душаць, то гэта выходзіць за межы паўнамоцтваў», — кажа Андрэй Сыцько.

У Крымінальным кодэксе Беларусі ёсьць артыкул «Перавышэньне службовых паўнамоцтваў». За іх наўмыснае перавышэньне прадугледжана пакараньне ад штрафу да 3 гадоў пазбаўленьня волі. Калі ж гэта прывяло да «цяжкіх наступстваў», то максымальны тэрмін — 10 гадоў зьняволеньня.

Перашкода прафэсійнай дзейнасьці журналістам: да 3 гадоў зьняволеньня

Журналістцы «Нашай Нівы» прастралілі гумовай куляй нагу
Журналістцы «Нашай Нівы» прастралілі гумовай куляй нагу

У Беларускай асацыяцыі журналістаў заявілі аб шматлікіх фактах нападаў на журналістаў — каля паўсотні па ўсёй краіне. Некаторых журналістаў білі, фотакарэспандэнтку «Нашай нівы» паранілі гумавай куляй.

«На ўчорашніх кадрах відаць, як ударылі чалавека, які абазначаны камізэлькай „Прэса“; яго б’юць кулаком — гэта не прыём барацьбы. Чалавек не супраціўляўся, не вырываўся, але ў яго адбіраюць флэшку і ён дастае па твары. Гэтыя дзеяньні нічым не абгрунтаваныя. Яны пачалі забіраць тэхніку, псаваць яе, то бок тэхніка пашкоджаная невыпадкова», — кажа Андрэй Сыцько.

Учора ў раёне мэтро «Пушкінская» ў журналістаў мэтанакіравана забіралі флэшкі і камэры, у менскім раёне Серабранцы зьбілі карэспандэнтаў «Комсомольской правды в Беларуси».

Перашкода ў якой бы ні было форме прафэсійнай дзейнасьці журналіста, прымус яго распаўсюджваць або адмовіцца ад распаўсюджваньня інфармацыі з ужываньнем гвалту і пашкоджаньнем ягонай маёмасьці цягне кары ад штрафу да 3 гадоў зьняволеньня.

Сьвядомае зьнішчэньне ці пашкоджаньне маёмасьці: да 10 гадоў

Учора ў Менску ў многіх месцах пратэстаў сілавікі стралялі ў машыны, таранілі іх. Супрацоўнікі міліцыі могуць ужываць спэцыяльныя сродкі і нават баявую зброю, калі машына не падпарадкоўваецца патрабаваньням і спрабуе ўцячы ад пагоні або калі аўтамабіль ідзе на таран шэрагу сілавікоў.

«Калі машыны стаяць у заторы ці машына падае гукавыя сыгналы, а яе тараняць ці б’юць дручкамі, — гэта пашкоджаньне маёмасьці грамадзянаў. З гледзішча прафэсіянала, гэта можа быць у межах застрашваньня», — кажа Андрэй Сыцько.

Паранены пратэстоўца. Менск, 9 жніўня
Паранены пратэстоўца. Менск, 9 жніўня

Згодна з Крымінальным кодэксам Беларусі, за сьвядомае зьнішчэньне маёмасьці могуць даць да 3 гадоў зьняволеньня. Калі гэта зроблена спосабам, небясьпечным для грамадзтва, ці групай людзей — да 10 гадоў зьняволеньня.

Паводле Андрэя Сыцько, у выпадках, калі быў супраціў (напад на міліцыю ці на вайскоўцаў), то іх дзеяньні ў адказ «могуць прызнаць правамернымі». Але ў многіх іншых выпадках, калі гвалту ў дачыненьні да іх не было, «калі людзі не чынілі супраціву, то такія дзеяньні яўна неправамерныя».

Камэнтар прэс-службы МУС:

Прэсавы сакратар МУС Вольга Чамаданава сказала карэспандэнту Свабоды, што ёй нічога не вядома пра завядзеньне крымінальных справаў супраць міліцыянтаў за нанясеньне пашкоджаньняў грамадзянам і перавышэньне службовых паўнамоцтваў.

«Гэтым я не цікавілася, трэба спытаць ў Сьледчага камітэту», — сказала Вольга Чамаданава. Цягам дня 12 жніўня тэлефоны прэсавай службы СК не адказвалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG