Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жыткавіцкім раёне міліцыя зноў затрымала назіральніка, якога раней судзілі за тое, што «без прычыны наведваў школу»


Яўген Шчур
Яўген Шчур

Ранкам 8 жніўня ў вёсцы Браніслаў Жыткавіцкага раёну затрымалі назіральніка Яўгена Шчура.

Тры дні таму ён правёў ноч у ізалятары часовага ўтрыманьня і пазьней быў асуджаны за «дробнае хуліганства», бо «наўмысна, з хуліганскіх памкненьняў, ня маючы прычын наведваньня школы, ігнараваў патрабаваньні дырэктара школы пакінуць рэжымны аб’ект».

«Мне патэлефанаваў Яўген Шчур раніцай, каля 9:30. Сказаў, што ў хату ягонай маці ў вёсцы Браніслаў, дзе ён цяпер знаходзіўся, грукаюць міліцыянты. Праз дзьверы яны паведамілі, што недзе ў вёсцы на асфальце зьявіўся надпіс „Стоп, таракан!“ і Яўген можа быць датычны да гэтага. Мне Яўген сказаў, што ён не рабіў ніякіх надпісаў. У хуткім часе сувязь зь ім зьнікла», — паведаміў Свабодзе праваабаронца Леанід Судаленка.

Ён мяркуе, што такім чынам мясцовыя ўлады і міліцыя хочуць не дапусьціць Яўгена да назіраньня ў асноўны дзень галасаваньня 9 жніўня.

За «беспрычыннае наведваньне» будынка школы Яўген Шчур атрымаў на судзе штраф у памеры 3 базавых велічынь.

У пасёлку Васілевічы Рэчыцкага раёну 7 жніўня затрымалі назіральніка Андрэя Доўжыка. 7 жніўня ён расказваў Свабодзе пра пагрозы з боку міліцыі пасадзіць яго на «суткі».

«Я акрэдытаваўся на ўчастку № 40 у Васілевічах. Але на ўчастак мяне не дапусьцілі. Я напісаў скаргу на імя старшыні камісіі і пайшоў яе аддаваць. Да мяне падышоў міліцыянт і сказаў, што я перашкаджаю працы камісіі, хаджу тут. Ён сказаў, што калі я яшчэ раз зьяўлюся на ўчастку, то ён мяне пасадзіць на «суткі», — апавядаў Андрэй Доўжык.

Неўзабаве пасьля размовы ён перастаў выходзіць на сувязь, ягоны тэлефон недасяжны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG