Асуджаным на 10 сутак арышту дыджэям з Кіеўскага сквэру, Кірыле Галанаву і Ўладзіславу Сакалоўскаму, сабралі за некалькі гадзінаў больш за 10 000 даляраў дапамогі. Акцыя збору грошай адбываецца Фэйсбуку.
Суд Цэнтральнага раёну Менску 7 жніўня прызнаў Кірыла Галанава і Ўладзіслава Сакалоўскага вінаватымі ў «дробным хуліганстве» і «непадпарадкаваньні міліцыі». Абодва атрымалі па 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
Супрацоўнікі Палаца дзяцей і моладзі Ўладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў увечары 6 жніўня ўключылі песьню «Перемен» Віктара Цоя на афіцыйным канцэрце каля кінатэатру «Кіеў», перабіўшы выступ баяніста Віталя Варанко.