У Аўганістане каранавірусам можа быць заражаны кожны трэці жыхар

Група людзей, якія чакаюць праверкі ў пункце пропуску на мяжы Аўганістану з Іранам, сакавік 2020
Група людзей, якія чакаюць праверкі ў пункце пропуску на мяжы Аўганістану з Іранам, сакавік 2020

У Аўганістане, паводле ацэнак Міністэрства аховы здароўя краіны, каранавірусам можа быць інфікаваная прыблізна траціна насельніцтва, або каля 10 мільёнаў чалавек.

Афіцыйна ўлады зарэгістравалі амаль 37 тысяч выпадкаў інфікаваньня, памерлі за час пандэміі 1294 чалавекі. Але рэальная колькасьць хворых і сьмерцяў ад каранавірусу, як лічаць экспэрты, значна вышэйшая.

Пра тое, што заражаных можа быць каля 10 мільёнаў, заявіў міністар аховы здароўя Ахмад Джавад Асманамі. Паводле яго, такая ацэнка засноўваецца на выніках тэставаньня каля 9,5 тысячы жыхароў. Дасьледаваньне праводзілася ў супрацоўніцтве з Сусьветнай арганізацыяй здароўя. У сталіцы краіны, Кабуле, каранавірусам магла заразіцца палова пяцімільённага гарадзкога насельніцтва.

Першыя выпадкі COVID-19 у Аўганістане зафіксавалі ў лютым, калі тысячы мігрантаў і ўцекачоў пачалі вяртацца ў краіну з суседняга Ірану — адной з найбольш пацярпелых ад каранавіруснай пандэміі дзяржаў рэгіёну.

Усяго ў сьвеце, паводле зьвестак амэрыканскага Ўнівэрсытэту Джонза Гопкінза, зарэгістравалі звыш 18,5 мільёна выпадкаў захворваньня на каранавірусную інфэкцыю, зь іх каля 4,7 мільёна выпадкаў — у Злучаных Штатах, якія застаюцца на першым месцы ў сусьветнай статыстыцы. Памерлі ад COVID-19 у розных краінах звыш 700 тысяч хворых.

​
XS
SM
MD
LG