Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мяжы Беларусі і Ўкраіны памежнікі праводзяць супольную спэцапэрацыю «Зубар-2020»


Ілюстрацыйнае фота

Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны заявіла, што на беларуска-ўкраінскай мяжы пачаўся асноўны этап супольнай спэцыяльнай апэрацыі «Зубар-2020».

Паводле прэсавай службы, такая супольная памежная апэрацыя адбываецца ў рамках барацьбы зь незаконнай дзейнасьцю зь сярэдзіны ліпеня і будзе трываць да канца кастрычніка.

Асноўны этап спэцапэрацыі прадугледжвае «апэратыўна-вышуковыя, прафіляктычныя, рэжымныя і іншыя захады для выяўленьня і спыненьня незаконнай дзейнасьці на дзяржаўнай мяжы». Такія захады адбываюцца як па-за пунктамі пропуску, такі і ў іхных межах. Апроч таго, адбываецца маніторынг сытуацыі ў памежных раёнах і на дарогах міжнародных зносін.

У патруляваньні задзейнічаныя пілятаваная і безьпілётная авіяцыя.

Пасьля затрыманьня 29 ліпеня прадстаўнікоў прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Беларусь заявіла аб намеры на ўкраінскім кірунку павялічыць колькасьць памежных нарадаў і ўзмацніць кантрольныя прафіляктычныя захады.

30 ліпеня афіцыйны прадстаўнік дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі паведаміў, што кіраўнікі памежных ведамстваў дзьвюх краін на той момант ужо дамовіліся пра ўзмацненьне праверак у пунктах пропуску на ўкраінскім кірунку.

У той жа дзень у Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны Свабодзе паведамілі, што ахова ўкраінскай дзяржаўнай мяжы па ўсёй лініі ўзмоцнена з 2014 году.

«Кожны год мы супольна зь беларускімі калегамі ў асобныя пэрыяды праводзім спэцыяльныя апэрацыі, накіраваныя на папярэджаньне супрацьпраўнай дзейнасьці», — сказаў прэсавы сакратар Андрэй Дземчанка. На той момант ён не ўдакладняў, што чарговая спэцыяльная апэрацыя ўжо адбываецца зь сярэдзіны ліпеня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG