Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы Папа Рымскі Бэнэдыкт XVI цяжка захварэў пасьля наведваньня Нямеччыны


Бэнэдыкт XVI. Архіўнае фота, 2013 год.
Бэнэдыкт XVI. Архіўнае фота, 2013 год.

У чэрвені былы Папа Рымскі быў у Рэгенсбургу ў брата, які празь некалькі дзён пасьля гэтага памёр. Пасьля вяртаньня ў Ватыкан Бэнэдыкт XVI захварэў на рожыстае запаленьне твару, піша Deutsche Welle са спасылкай на Passauer Neue Presse.

93-гадовы папа пакутуе ад рожыстага запаленьня твару, паведаміла ў панядзелак, 3 жніўня, газэта Passauer Neue Presse са спасылкай на журналіста і пісьменьніка Пэтэра Зэвальда (Peter Seewald), аўтара некалькіх сумесных кніг з экс-пантыфікам Бэнэдыктам XVI, які склаў зь сябе паўнамоцтвы.

Паводле Зэвальда, 1 жніўня ён сустракаўся ў Ватыкане з былым папам і перадаў яму яго біяграфію, якая нядаўна выйшла. Нягледзячы на хваробу, падчас сустрэчы Бэнэдыкт XVI быў настроены аптымістычна, сказаў пісьменьнік. Зь яго словаў, былы пантыфік ўжо склаў духоўны тэстамэнт, які апублікуюць пасьля сьмерці Бэнэдыкта. Акрамя таго, ён вызначыў у якасьці свайго будучага месца пахаваньня былую магільніцу Яна Паўла II у крыпце сьвятога Пятра. Рэліквіі (парэшткі) папярэдніка Бэнэдыкта XVI цяпер знаходзяцца ў саборы Сьвятога Пятра.

Візыт былога папы Рымскага ў Рэгенсбург

У чэрвені Бэнэдыкт XVI знаходзіўся пяць дзён у баварскім Рэгенсбургу ў свайго цяжка хворага брата Георга Ратцынгера (Georg Ratzinger), які неўзабаве пасьля гэтага памёр ва ўзросьце 96 гадоў.

Нямецкі сьвятар Ёзэф Ратцынгер (Joseph Ratzinger) нарадзіўся 16 красавіка 1927 г. у Баварыі. Пасьля пасьвячэньня ў духоўны сан і абароны дысэртацыі ў галіне тэалёгіі ён выкладаў ва ўнівэрсытэтах Бону, Мюнстэру, Цюбінгену і Рэгенсбургу. У 1977 годзе Ратцынгер стаў арцыбіскупам Мюнхэну і Фрайзінгу, у 1981 годзе папа Рымскі Ян Павал II прызначыў яго кіраўніком Кангрэгацыі ў справах веравучэньня — уплывовага органу каталіцкай царквы, закліканага змагацца за чысьціню веры. У красавіку 2005 году ён быў абраны кіраўніком Рымска-каталіцкай царквы і стаў папам Рымскім Бэнэдыктам XVI. У красавіку 2013-га ён адрокся ад сьвятога пасаду. Яго пераемнікам стаў аргентынец Францішак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG