Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК адмовілася ад відэакамэр на ўчастках, якія прапанавалі грамадзяне


 Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі адхіліла прапанову ініцыятывы «Чэсныя людзі» пра ўстаноўку за кошт грамадзянаў відэакамэр на выбарчых участках.

Прапанову ў ЦВК перадаў сябар камісіі з правам дарадчага голасу Павел Дзік, які прадстаўляе інтарэсы кандыдаткі ў прэзыдэнты Святланы Ціханоўскай, паведамляе tut.by.

Паводле Паўла Дзіка, ініцыятыва «Чэсныя людзі» прапрацавала тэхнічныя і прававыя пытаньні закупкі абсталяваньня, на прапанову адгукнуліся некалькі кампаній, а набытыя камэры адпавядалі б усім патрабаваньням заканадаўства.

Цэнтрвыбаркам палічыў, што прапанаваны праект не адпавядае патрабаваньням выбарчага заканадаўства, а парадак рэалізацыі ня ясны.

«Усе сябры выбарчай камісіі, азнаёміўшыся з прапанаваным вамі праектам пастановы, у якім прадугледжваецца наўпроставая цягам сутак відэатрансьляцыя з участкаў галасаваньня і разьмяшчэньне ўласных відэакамэр грамадзян па іх заяўках, выказалі меркаваньне аб неадпаведнасьці праекта патрабаваньням выбарчага заканадаўства і няяснасьці парадку практычнай рэалізацыі прапановы», — гаворыцца ў адказе ЦВК за подпісам яе старшыні Лідзіі Ярмошынай.

Паводле ЦВК, Выбарчы кодэкс Беларусі не дапускае прыцягненьня тэхнічных сродкаў грамадзян для арганізацыі выбараў.

«Абсталяваньне ўсіх участкаў для галасаваньня відэакамэрамі з наўпроставай цягам сутак трансьляцыяй патрабуе, як і ўвядзеньне любых іншых выбарчых працэдур з выкарыстаньнем інфармацыйных тэхналёгій, ня толькі прававых, але і інфраструктурных перадумоваў, а таксама папярэдняй ацэнкі іх кошту, эфэктыўнасьці і адпаведнасьці патрабаваньням інфармацыйнай бясьпекі», — лічыць ЦВК.

"Мы чакалі, калі не садзейнічаньня ад тых, хто сам павінен быў прапанаваць і рэалізаваць усё гэта ва ўмовах пандэміі, то хаця б магчымасьці самім забясьпечыць празрыстасьць выбараў, — сказаў Павел Дзік.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG