Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Сусьветнай арганізацыі здароўя заклікаў рыхтавацца да «зацяжной» пандэміі каранавірусу


Генэральны дырэктар САЗ Тэдрас Аданом Гебрэесус, архіўнае фота

Пандэмія каранавірусу можа прыняць «зацяжны» характар, а яе эфэкты могуць адчувацца на працягу бліжэйшых дзесяцігодзьдзяў — заявіў кіраўнік Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдрас Гебрэесус на пасяджэньні арганізацыі.

«Пандэмія — найбуйнейшы і беспрэцэдэнтны крызіс у галіне аховы здароўя, наступствы якога будуць адчувацца яшчэ доўгія дзесяцігодзьдзі, — заявіў Тэдрас Гебрэесус. — Многія краіны, якія думалі, што горшае ўжо ў мінулым, сёньня сутыкаюцца з новымі ўспышкамі. Краіны, якія перажылі першыя тыдні пандэміі без сур’ёзных узрушэньняў, сёньня адзначаюць у сябе рэзкі рост захворваньняў і сьмяротнасьці. Тыя краіны, якія ўжо сутыкнуліся з маштабнымі эпідэмічнымі ўспышкамі, змаглі ўзяць іх пад кантроль».

Ён пацьвердзіў, што сытуацый з каранавірусам працягвае заставацца абвешчаная міжнароднай надзвычайнай сытуацыяй у сфэры аховы здароўя.

У заяве ад 1 жніўня паведамляецца, што надзвычайны камітэт СААЗ сабраўся, каб ацаніць сытуацыю праз 6 месяцаў пасьля таго, як успышка COVID-19 у Кітаі была абвешчаная міжнароднай надзвычайнай сытуацыяй у сфэры аховы здароўя. Шэраг экспэртаў і палітыкаў пасьля крытыкавалі СААЗ за занадта павольную, на іх думку, рэакцыю на разьвіцьцё эпідэміі. Кіраўнік СААЗ падкрэсьліў, што надзвычайную сытуацыю абвясьцілі ў момант, калі за межамі Кітая не памёр яшчэ ні адзін чалавек.

Цяпер колькасьць ахвяр, паводле падлікаў інстытута Джонса Гопкінса, ва ўсім сьвеце перавысіла 680 тысяч, а колькасьць інфікаваных набліжаецца да 18 мільёнаў. Пандэмія была абвешчаная ў пачатку сакавіка, калі вірус стаў хутка распаўсюджвацца ў Эўропе.

Карантынныя меры, уведзеныя ў большасьці краін сьвету ў сакавіку, у траўні-чэрвені моцна аслабілі пасьля некаторага запаволеньня росту колькасьці новых інфікаваных. У шэрагу краін, аднак, каранавірус апошні час пачаў зноў хутка распаўсюджвацца. Вяртаюцца і абмежаваньні. Цяпер у шэрагу краін ідуць выпрабаваньні вакцыны ад COVID-19.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG