Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада Расеі ў Менску адмовілася камэнтаваць інфармацыю пра затрыманьне 33 расейскіх грамадзян


Кадры затрыманьня, паказаныя на «Беларусь 1»
Кадры затрыманьня, паказаныя на «Беларусь 1»

Амбасада Расеі адмовілася афіцыйна рэагаваць на затрыманьне ў ноч на 29 ліпеня 33 грамадзян Расеі зь меркаванай прыватнай вайсковай кампаніі.

«Амбасада Расеі не камэнтуе затрыманьне гэтых грамадзян», — сказаў Радыё Свабода супрацоўнік консульскага аддзелу амбасады.

У амбасадзе таксама паведамілі, што не атрымлівалі афіцыйнага паведамленьня аб затрыманьні расейскіх грамадзян на тэрыторыі Беларусі, таму «запыталі афіцыйную інфармацыю ў кампэтэнтных органаў Беларусі».

Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА сёньня паведаміла, што ў ноч на 29 ліпеня супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі затрымалі пад Менскам 32 баевікоў замежнай прыватнай вайсковай кампаніі. Яшчэ аднаго затрымалі пазьней на поўдні Беларусі. Усе затрыманыя — грамадзяне Расеі.

БелТА апублікавала сьпіс затрыманых — 33 чалавекі ва ўзросьце ад 24 да 55 гадоў.

У дзённых навінах на тэлеканале «Беларусь 1» былі паказаныя апэратыўныя кадры, на якіх бачна, як вялікая група мужчын трапляе на камэры відэаназіраньня санаторыю пад Менскам. Пасьля гэтага — працэс затрыманьня «баевікоў» у нумарах і пагрузка ў аўтазакі.

У кадры трапілі грошы, зброя, расейскія пашпарты, прэзэрватывы, інструкцыі кіраваньня «робатамі-падрыўнікамі», аркушы з тэкстам на арабскай мове, шаўроны з надпісам: «Наш бизнес смерть, и бизнес идет хорошо».

БелТА са спасылкай на неназваныя праваахоўныя органы сьцьвярджае, што «была атрыманая інфармацыя аб прыбыцьці на нашую тэрыторыю больш як 200 баевікоў для дэстабілізацыі абстаноўкі ў пэрыяд выбарчай кампаніі». Пры сабе кожны «меў па невялікай ручной паклажы, тры вялікія цяжкія чамаданы».

Па прыбыцьці ў Беларусь група людзей (200 ці 32, не ўдакладняецца) «засялілася ў адзін з гатэляў Менску і павінна была выселіцца 25 ліпеня, аднак пакінула гатэль 27 ліпеня і пераехала ў адзін з санаторыяў Менскага раёну». Адміністрацыя санаторыю зьвярнула ўвагу на іхныя «нехарактэрныя для расейскіх турыстаў паводзіны» і на «аднастайнае адзеньне ў стылі мілітары».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG