Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве за карупцыю асудзілі пяцярых супрацоўнікаў моргу: за 8 гадоў яны падманулі амаль 500 чалавек


Ілюстрацыйнае фота

27 ліпеня ў Магілёве вынесьлі прысуд пяцярым работнікам патолягаанатамічнага бюро, якія, паводле сьледзтва, за 8 гадоў падманулі амаль 500 чалавек, паведамляе Tut.by.

Загадчык аддзяленьня і санітары завышалі кошт паслуг. Усіх іх суд прызнаў вінаватымі ў махлярстве, крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі і злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі — у залежнасьці ад ролі кожнага.

Кіраўнік аддзяленьня Аляксей Міхайлаў атрымаў 9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, санітарка Сьняжана Палякова — 5,5 года агульнага рэжыму, яе муж Сяргей, а таксама калегі Тацяна Бродава і Алена Мартыненка — па 5 гадоў агульнага рэжыму.

Таксама яны вінаватыя павінны кампэнсаваць матэрыяльную шкоду патолягаанатамічнаму бюро (больш за 6,25 тысячы рублёў), а таксама маральную і матэрыяльную шкоду пацярпелым (сумы даходзяць да тысячы рублёў). Усім ім забаронена займаць кіроўныя пасады яшчэ на працягу 5 гадоў.

Пра гучную справу стала вядома ў траўні 2019 году. Паводле дадзеных сьледзтва, 44-гадовы лекар-патолягаанатам, загадчык аддзяленьня, стварыў і ўзначаліў арганізаваную групу, у якую ўвайшлі падначаленыя санітары.

З 2010 па 2018 год санітары неабгрунтавана завышалі цану платных рытуальных паслуг, папярэдне ўзгадняючы суму з загадчыкам. Яны імкнуліся браць ад грамадзян толькі наяўныя грошы, бяз выдачы касавых чэкаў, і частку зь іх, у тым ліку якую мусілі залічыць на пазабюджэтны рахунак установы, дзялілі паміж сабой.

У крымінальнай справе дапыталі больш за 4 тысячы чалавек, пацярпелымі прызналі 492 асобаў.

У працэсе суду ніхто з абвінавачаных віну не прызнаў.

У сакавіку 2020 году на 7 з паловай гадоў зьняволеньня ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці асудзілі былога галоўнага патолягаанатама Міністэрства аховы здароўя Аркадзя Пучкова. Працэс цягнуўся больш за месяц зь перапынкам для выстаўленьня новага абвінавачаньня і вызначыўся амаль рэкорднай сумай хабараў у справах «мэдыкаў-карупцыянэраў» — больш за 200 тысяч даляраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG