Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памерла акторка, якая грала Мэлані ў «Зьнесеных ветрам». Ёй было 104 гады


Алівія дэ Гэвілэнд у фільме «Зьнесеныя ветрам»

Зорка «Зьнесеных ветрам» была таксама вядомая сваёй барацьбой за зьмену кантрактнай сыстэмы ў Галівудзе.

Галівудзкая зорка, акторка Алівія дэ Гэвілэнд, памерла ў сьне ў сваім доме ў Парыжы. Ёй было 104 гады. Апошняя з прадстаўнікоў залатога веку Галівуду (1930–1950-я гады), яна стала і апошняй з выканаўцаў галоўных роляў у гістарычнай ваеннай мэлядраме «Зьнесеныя ветрам» (Gone With the Wind), у якой грала Мэлані Гамільтан (кволую самаахвярную жонку Ўілкса, адзіны буйны пэрсанаж, які памёр у фільме).

Фільм, зьняты паводле раману Маргарэт Мітчэл (1936), быў выпушчаны ў пракат у сьнежні 1939 году і неўзабаве стаў ляўрэатам прэміі «Оскар» у дзесяці намінацыях.

Алівія дэ Гэвілэнд нарадзілася 1 ліпеня 1916 годзе ў Токіё, дзе яе бацька выкладаў у брытанскім каледжы. Пасьля разводу бацькоў яна разам разам з маці і сястрой пераехала ў Каліфорнію. Прапанову першага кантракту атрымала ў 18 гадоў ад студыі Warner Brothers.

За гады прафэсійнай кар'еры Алівія дэ Гэвілэнд заваявала дзве прэміі «Оскар» за фільмы «Кожнаму сваё» (1946) і «Спадчыньніца» (1949), двойчы станавілася ляўрэаткай прэміі «Залаты глобус». На Галівудзкай алеі ў Лос-Анджэлесе ёсьць яе зорка.

Апошняй карцінай, у якой зьнялася дэ Гэвілэнд, стала карціна «Пяты мушкетэр» (1979).

Дзякуючы сваёй зьнешнасьці акторка атрымлівала рамантычныя ролі, нягледзячы на імкненьне да больш складаных акторскіх задач. Яе расчараваньне прывяло да таго, што яна падала ў суд на кампанію Warner Bros. у 1943 годзе, калі студыя хацела пакінуць яе на кантракце пасьля яго заканчэньня, сьцьвярджаючы, што яна павінна прапрацаваць яшчэ паўгода з прычыны адмоў ад роляў.

Апэляцыйны суд у Каліфорніі вынес рашэньне на яе карысьць, пастанавіўшы, што студыя ня можа працягваць кантракт бяз згоды выканаўцы. Рашэньне суду дагэтуль неафіцыйна называецца «законам дэ Гэвілэнд».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG