Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У саборы Сьвятой Сафіі ў Стамбуле прайшла першая мусульманская пятнічная малітва


У саборы Сьвятой Сафіі ў Стамбуле (Вялікая мячэць Айя-Сафія) 24 ліпеня праходзіць першае за 86 гадоў мусульманскае набажэнства.

Гэта стала магчымым пасьля таго, як Дзяржаўная рада Турэччыны — найвышэйшы адміністрацыйны суд краіны — пазбавіў сабор статусу музэю.

У пятнічнай малітве ўзяў удзел і прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган.

Сёньня ўнутры мячэці прачыталі Каран. Тысячы вернікаў сабраліся перад пачаткам калектыўнай малітвы на плошчы перад саборам. У сабор з прычыны захадаў бясьпекі ў сувязі пандэміяй каранавірусу, пусьцілі ня больш за 500 чалавек.

Дзяржаўная рада Турэччыны 10 ліпеня анулявала рашэньне ўраду ад 1934 году аб ператварэньні сабору Сьвятой Сафіі ў музэй. Да 1934 году гэты будынак выкарыстоўвалася як мячэць. Яе закрыў заснавальнік сучаснай турэцкай дзяржавы Мустафа Кемаль Атацюрк.

Ісламісцкая апазыцыя заўсёды патрабавала вяртаньня будынку культавага статусу. Супраць выступалі прадстаўнікі праваслаўных цэркваў і Грэцыі.

Сучасны будынак сабору Сьвятой Сафіі пабудаваны да 537 году. Сабор больш за тысячу гадоў быў найбуйнейшым хрысьціянскім храмам у сьвеце. У 1453 годзе, пасьля турэцкай заваёвы Канстантынопалю, ён быў пераўтвораны ў мячэць. У першай пятнічнай малітве 1 чэрвеня 1453 году ўдзельнічаў асманскі султан Мэхмэт II, які захапіў горад.

Сабор Сьвятой Сафіі ўключаны ў сьпіс сусьветнай спадчыны UNESCO. Штогод ён прыцягваў мільёны турыстаў. Паводле словаў Эрдагана, храм і цяпер будзе даступны для ўсіх ахвотных.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG