Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белдзяржтэлерадыёкампанія аплаціць выкарыстаньне кампазыцыі Shuma


Гурт Shuma, архіўнае фота
Гурт Shuma, архіўнае фота

Кіраўнік Беларускай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі ў гутарцы з карэспандэнтам Tribuna.com пракамэнтаваў канфлікт вакол выкарыстаньня без дазволу песьні беларускага гурту Shuma ў роліку БФЛА, які анансаваў старт чэмпіянату Беларусі.

Паводле Вадзіма Дзевятоўскага, кампазыцыю спампавалі ў вольным доступе, і, «пракансультаваўшыся зь Белтэлерадыёкампаніяй, мы разумеем, што законнасьць разьмяшчэньня кампазыцыі захаваная».

«Гэта як, ведаеце, фатаздымак: ёсьць аўтарства, а ёсьць, калі вы ў пошукавіку знаходзіце тысячу фатаздымкаў. Ёсьць прафэсійныя фатографы, у якіх, калі ты хочаш узяць фатаздымак, то адразу разумееш, што заплаціш за яго. А ёсьць фатаздымкі, якія знаходзяцца ў вольным доступе», — сказаў Дзевятоўскі.

Тым ня менш, паводле яго, пасьля таго як прэтэнзія аб разьмяшчэньні роліка была агучана, «Беларусь 5» зьняла ролік зь вяшчаньня, «паколькі аўтар не пажадаў, каб яго музыка выкарыстоўвалася — яго можна зразумець».

«Але што тычыцца законнасьці, дык Белдзяржтэлерадыёкампанія, як і мяркуе, законна аплаціць выкарыстаньне кампазыцыі паводле права на калектыўнае выкарыстаньне. У сваю чаргу, і БФЛА выдаліла з усіх сваіх крыніц дадзены ролік», — сказаў Дзевятоўскі.

Кіраўнік Беларускай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі дадаў, што вельмі шкадуе, што так выйшла з гэтым ролікам, «які пайшоў на „Беларусь 5“, каб падтрымаць спорт і чэмпіянат краіны», бо «вельмі нядрэнны кліп, яго хвалілі». «Прыносім прабачэньні аўтару. Мы цэнім творчасьць Shuma і не жадалі б канфлікту», — сказаў Дзевятоўскі.

19 ліпеня сьпявачка Руся заўважыла ў рэклямным роліку лёгкаатлетычных гульняў на дзяржаўнай тэлевізіі песьню свайго гурту Shuma «На моры вутка купалася», але ні яна, ні іншыя чальцы гурту не давалі дазволу на выкарыстаньне музыкі. Яна зьвярнулася ў Нацыянальны цэнтар інтэлектуальнай уласнасьці — там прызналі, што факт парушэньня аўтарскіх правоў сапраўды ёсьць.

Агенцтва тэлевізійных навінаў публічна адказала, што ролік рабілі на замову БФЛА ў староньняй арганізацыі (якой не назвалі) у межах «двухбаковых дамоўных дачыненьняў». АТН прызнала, што музычная кампазыцыя знаходзіцца ў «калектыўным кіраваньні» НЦІУ, зь якім Белтэлерадыёкампанія мае дамовы. АТН мяркуе, што дамовы з НЦІУ дастаткова, каб не пытаць дазволу ў выканаўцы.

«Shuma маглі б рэкамэндаваць зьвярнуцца ў Фэдэрацыю лёгкай атлетыкі з... падзякай, — напісала АТН. — Выключна дзякуючы нашым добрым адносінам з Фэдэрацыяй такая „інтэлектуальная ўласнасьць“ атрымала хоць нейкі шанец трапіць у тэлевізійны эфір».

Руся адзначае, што падставы да скаргі ўсё ж ёсьць: дамовы з НЦІУ даюць права без дазволу прайграваць трэк у эфіры, але для выкарыстаньня ў рэкляме дазвол аўтара ўсё ж патрэбны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG