Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастак Раман Заслонаў: нарэшце і ў палітыцы зьявіўся прыемны і адкрыты жаночы твар


Раман Заслонаў у майстэрні
Раман Заслонаў у майстэрні

Беларускі мастак Раман Заслонаў, які цяпер жыве ў Францыі, расказвае пра жыцьцё і творчасьць падчас пандэміі, пра настаўнікаў і новыя мастацкія зацікаўленьні, а таксама пра сваю пільную ўвагу да падзеяў у Беларусі, зь якой, як ён кажа, ніколі не зьяжджаў назаўсёды.

Сьцісла

  • У СССР мастак залежаў ад дзяржавы, яна была яго першым і апошнім мэцэнатам. У Францыі ўсё трымаецца на прыватным зацікаўленьні і калекцыянаваньні
  • Пры кожнай нагодзе тлумачу людзям, што такое Беларусь, дзе яна знаходзіцца і што я беларускі мастак
  • Цяпер стала модна ганіць і таўраваць Міхаіла Савіцкага. Гэта натуральна, ён жа ня можа адказаць. А я лічу, што мне пашанцавала на працягу трох гадоў працаваць побач з буйным майстрам
  • Заўсёды ў гісторыі чалавецтва пікавыя сытуацыі, важныя зьмены прыходзяць нечакана
  • Я ўсё жыцьцё малюю жанчын, і вось нарэшце і ў палітыцы зьявіўся прыемны і адкрыты жаночы твар
  • Чым бы выбары ні скончыліся, так, як раней, ужо ня будзе
  • У пандэміі ёсьць і станоўчыя бакі

Мастакоўскія таямніцы

— Пытаньне да цябе як да прафэсійнага мастака. Ці хапае таленту для жыцьця? Ці трэба займацца маркетынгам, рэклямаваць сябе, фактычна займацца бізнэсам?

— Тыя часы, калі мастак — гэта было модна, мінулі. У маладосьці мы маглі сабе дазволіць пазыцыю: маўляў, я мастак і нічога больш мяне не хвалюе, нішто мяне ня можа прымусіць займацца бізнэсам і рабіць сабе рэкляму. Ну і насамрэч у 70-я — 80-я гады мінулага стагодзьдзя так і было.

Мастакі працавалі пад вялікім крылом дзяржавы, якая іх пільнавала і давала грошы, асабліва тых, хто трапляў у плынь. І калі мастак і ягоная творчасьць адпавядалі асноўным ідэалягічным патрабаваньням, то жыў ён някепска. Прычым не патрабавалася асаблівай пакоры, дастаткова было быць звычайным мастаком. Калі яго мастацтва было цікавым, тады ён мог сябе забясьпечыць.

Раман Заслонаў. Пераезд майстэрні. Зіма. 114х146. Палатно, алей
Раман Заслонаў. Пераезд майстэрні. Зіма. 114х146. Палатно, алей

А вось калі напачатку 1990-х гадоў да нас прыйшоў які-ніякі рынак, то часы зьмяніліся. Такія арганізацыі, як Саюз мастакоў, з сталінскіх дзяржаўных структураў ператварыліся ў творчыя саюзы. Але трэба сказаць, што ў гэтых саюзах пра творчасьць гавораць мала, больш пра тое, як выжыць у цяжкія часы.

Таму лепш выжываць удаецца маладым мастакам, бо старэйшыя прывыклі да іншага стаўленьня да сябе і сваёй творчасьці.

Што тычыцца мяне, то я не лічу, што маю спэцыфічны талент бізнэсоўца. Гэта наагул цікавае пытаньне і цікавы дыскурс — камэрцыялізацыя мастацтва. Размовы аб гэтым ідуць ужо гадоў дваццаць. Я лічу, што ўсякае мастацтва ёсьць адносна камэрцыйным — мова толькі пра тое, за якую цану мастак прадае свае творы.

І калі мастакі кажуць, што не займаюцца камэрцыйным мастацтвам, то ў іх павінен быць нейкі іншы заробак.

Раман Заслонаў. Крах старажытнасьцяў. 130х195. 2009. Палатно, алей
Раман Заслонаў. Крах старажытнасьцяў. 130х195. 2009. Палатно, алей

Зь іншага боку, і Саюз мастакоў захоўвае сваю важнасьць, асабліва на тле прынятых у Беларусі законаў пра дармаедаў. Калі мастак уваходзіць у Саюз — ён адразу прызнаецца прафэсійным мастаком і ўнікае гэтага абсурднага падатку на дармаедзтва.

А працоўным месцам мастака ёсьць яго майстэрня. Лекар прымае ў кабінэце, работнік працуе каля станка, чыноўнік мае асобны кабінэт, а мастак працуе ў майстэрні.

— Ты можаш сябе назваць мастком, які адбыўся? Ці няма ў цябе сумненьняў наконт таго, што ты, можа, ня тым у жыцьці заняўся?

— Такія пытаньні я задаваў сабе ў пачатку 90-х гадоў, калі лад нашага жыцьця зьмяніўся. Тады некаторыя мае сябры, зь якімі мы да таго былі на адным узроўні, раптам сталі заможнымі людзьмі, пачалі езьдзіць на дарагіх машынах.

Вось тады я падумаў, што прафэсія мастака не дае магчымасьці зарабіць на больш-менш камфортнае жыцьцё. І прыходзілі думкі, што нядрэнна было б заняцца якім-небудзь бізнэсам, каб забясьпечыць сабе і сваёй сям’і годнае існаваньне.

Раман Заслонаў. Генэральная рэпэтыцыя. 140х173. 2014. Палатно, алей
Раман Заслонаў. Генэральная рэпэтыцыя. 140х173. 2014. Палатно, алей

Але хутка я зразумеў, што гэта была проста д’ябальская спакуса. Чалавек, які мае талент, але яго не разьвівае, бярэ на душу вялікі грэх, бо талент даецца ад Бога.

Зь іншага боку, вырашыць, што ты ўжо адбыўся як мастак, будзе азначаць канец мастака.

Пра настаўнікаў і Міхаіла Савіцкага

— Каго з масткоў ты можаш назваць сваімі настаўнікамі?

— Першымі маімі настаўнікамі былі, вядома, бацькі. Яны спакойна і тактоўна падштурхоўвалі ў бок будучай прафэсіі. Бацька даў мне ў рукі пэндзаль і паказаў, як ім карыстацца.

У мастацкай школе быў выкладчык Уладзімер Ткачэнка, яму я ўдзячны за прышчэпленую мне любоў да жывапісу.

У студыі выяўленчага мастацтва адбылася сустрэча з мастаком Васілём Сумаравым. Гэта была сустрэча зь яркімі фарбамі і свабодай творчасьці.

Затым была Акадэмія мастацтваў (Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут на той момант). Гэта былі выдатныя прафэсіяналы: Пётра Крохалеў, Май Данцыг. Здавалася, яны быццам нас і не вучылі, але насамрэч уся тая атмасфэра цеплыні, весялосьці і творчасьці, што панавала ў той час на катэдры жывапісу, засталася на ўсё жыцьцё.

Там былі і зусім іншыя настаўнікі, такія, як Леніна Міронава і Алег Хадыка. Гэта быў зусім іншы погляд на творчае жыцьцё і месца мастака.

Раман Заслонаў. Чырвоная стужка. 72х214. 2014. Палатно, алей
Раман Заслонаў. Чырвоная стужка. 72х214. 2014. Палатно, алей

Пасьля інстытуту і паўтарагадовай службы ў войску былі тры гады ў творчых майстэрнях Акадэміі мастацтваў СССР у Менску пад кіраўніцтвам Міхаіла Савіцкага. Гэта быў неардынарны чалавек. Працаваць зь ім было няпроста. Цяпер модна стала яго ганіць і таўраваць. Гэта натуральна, ён жа ня можа адказаць!

Да мяне ён ставіўся неадназначна, але я лічу, што мне пашанцавала на працягу трох гадоў працаваць побач з буйным майстрам. А тое, што ён увайшоў і пакінуў сьлед у гісторыі мастацтва, — гэта адназначна!

— Што цябе цяпер найперш штурхае да працы — прафэсійная патрэба зарабляць ці прысутнічае ўсё ж і натхненьне?

— Патрэба зарабляць грошы ёсьць у любога адэкватнага чалавека, бо яму трэба жыць. У Беларусі раней лічылася, што прафэсійны мастак — той, хто атрымаў прафэсійную адукацыю. Але вось у Францыі я пачаў глядзець на гэта інакш — прафэсійны мастак той, які жыве з свайго мастацтва. Таму тут два-тры працэнты ад усіх мастакоў лічацца прафэсійнымі. Шмат мастакоў вымушаныя працаваць на іншых працах і займаюцца творчасьцю ў вольны ад працы час.

Настальгія па савецкім часе засталася ў мяне і многіх людзей майго пакаленьня менавіта таму, што ў той час мастаку выпасьці на некалькі гадоў з бытавога клопату зарабляньня грошай было прасьцей, як гэта ні парадаксальна гучыць.

Раман Заслонаў. Зімовая мэлёдыя. 140х120. 2010. Палатно, алей
Раман Заслонаў. Зімовая мэлёдыя. 140х120. 2010. Палатно, алей

— Але ты не сказаў пра натхненьне. Існуе яно наагул ці не?

— Наконт натхненьня магу сказаць, што я няшмат сустракаў людзей, якія могуць сфармуляваць, што гэта такое.

Для мяне гэта такая ступень працаздольнасьці, калі ты працуеш не адыходзячы ад мальбэрта два-тры тыдні па 12-15 гадзін на дзень. І раптам ты адчуваеш дзіўную лёгкасьць поўнага кантролю над рухам сваіх думак, дакладнасьць руху рук і пэндзля, поўнае падпарадкаваньне палатна тваёй волі. Вядома, бываюць і раптоўныя прасьвятленьні, калі будучая карціна або фільм узьнікаюць перад вачыма яркімі і выразнымі вобразамі. Але і тое бывае, як правіла, у выніку глыбокай і насычанай працы.

Вось гэта, на маю думку, і ёсьць натхненьне. У мяне яно зьяўляецца толькі падчас цяжкай працы. Само сабою яно не прыходзіць.

Але вось што цікава. Калі здараюцца крызісныя сытуацыі накшталт каранавірусу або эканамічнага спаду 2008 году, калі падаюць вежы ў Нью-Ёрку і калі сьвет стаіць на мяжы прорвы, у мяне парадаксальным чынам пачынаецца апантаная праца. Ты ведаеш, што ў гэты час ніхто ня прыйдзе ў галерэю і тваю працу ня ўбачыць, але менавіта ў гэты момант ты разумееш, што працуеш сам для сябе і павінен упэўніцца: што ты робіш, цікавае і патрэбнае. Так што крызісы дзейнічаюць у маім выпадку наадварот.

Чым Францыя адрозьніваецца ад Беларусі

— Мне на адлегласьці здаецца, што француская інтэлігенцыя такая прарасейская. Цябе там не называюць расейскім мастаком?

— Я не лічу, што француская інтэлігенцыя праякая-небудзь. Проста ў Францыі няшмат ведаюць пра існаваньне Беларусі. Гэта сьведчыць пра дрэнную рэкляму і пра тое месца, якое наша краіна сапраўды займае ў сусьветнай культурнай герархіi.

Пры кожнай нагодзе я тлумачу людзям, што такое Беларусь, дзе яна знаходзіцца і што я беларускі мастак.

Раман Заслонаў. Мара архітэктара. 130х195. 2008. Палатно, алей
Раман Заслонаў. Мара архітэктара. 130х195. 2008. Палатно, алей

Зь іншага боку, тут уплывае і гісторыя. Францыя з Расеяй і сябравала, і ваявала. А мы ўваходзілі то ў Рэч Паспалітую, то ў Расею. Каб краіна стала вядомаю, патрэбныя сур’ёзныя рухі і зрухі, чаго пакуль няма.

— Аматары жывапісу і пакупнікі карцін у Беларусі і Францыі адрозьніваюцца?

— Так, вядома. З майго досьведу, унутранае запатрабаваньне мець нейкі твор у Францыі больш пашыранае. Мяне гэта асабліва зьдзіўляла ў 90-я гады, калі мы, маладыя мастакі, прыяжджалі ў Францыю са сваімі працамі. Мы былі ў сваёй краіне амаль нікому не патрэбныя, а тут была вялікая зацікаўленасьць. Культура зьбіраньня мастацкіх твораў, калі мастацтва прыходзіць да чалавека ў дом, тут фармавалася вякамі.

Лад, падобны да капіталістычнага, у нас у краіне пачаў складацца апошнія 15-20 гадоў, а тут ён існуе апошнія 200 гадоў. У СССР мастак залежаў ад дзяржавы, яна была яго першым і апошнім мэцэнатам. А тут усё трымаецца на прыватным зацікаўленьні і калекцыянаваньні.

Тут пакупніком мастацва можа быць чалавек зь сярэднім дастаткам, а ў Беларусі гэта павінен быць чалавек багаты. Хаця вялікае жаданьне купляць ёсьць і ў нас, у нашых людзей проста няма грошай.

Асабліва гэты кантраст стаў заўважны апошнімі гадамі. Бо я памятаю яшчэ савецкія часы, калі мы прыносілі свае карціны ў Мастацкі салён, які быў тады адзінай галерэяй, і раз-пораз іх там куплялі. А цяпер мне цяжка ўявіць, што інжынэр менскага заводу можа дазволіць сабе купіць твор мастацтва. І гэта не таму, што мастацтва стала даражэйшым, але таму, што людзі ў нас цяпер на мяжы выжываньня.

Пра новыя творчыя абсягі

— Як ты вызначаеш стыль, у якім працуеш?

— Сам я яго ніяк не вызначаю, я проста ў ім працую. А тут, у Францыі, яго назвалі новым фігуратыўным стылем. Гэта яшчэ ў 90-я гады так казалі.

— Табе хапае жывапісу для творчага задавальненьня?

— Ну давай паглядзім... У лістападзе 2015 году ў Нацыянальным мастацкім музэі Рэспублікі Беларусі адбылася мая пэрсанальная выстава, на якой было выстаўлена больш за 30 жывапісных працаў. Дырэктар музэю прапаноўваў мне зрабіць яе вельмі даўно, але атрымалася толькі ў 2015 годзе, бо большасьць маіх карцін знаходзяцца ў прыватных калекцыях па ўсім сьвеце. І трэба было нямала часу, каб сабраць іх.

Я сам не чакаў, які велізарны рэзананс атрымае мая выстава. Толькі на адкрыцьці сабраліся каля трох тысяч чалавек. І выстава аб’яднала самыя розныя пласты насельніцтва, розных сацыяльных групаў, рознага ўзроўню адукацыі і нават людзей розных палітычных поглядаў. Мушу прызнацца, што фраза «Мастацтва аб’ядноўвае» у гэтым выпадку мела эфэкт на ўсе 100%.

На адкрыцьці выставы Рамана Заслонава ў Менску. 2015 год
На адкрыцьці выставы Рамана Заслонава ў Менску. 2015 год

За месяц правядзеньня выставы ў Менску яе наведалі 38 000 чалавек. Самі супрацоўнікі музэю прызнаваліся мне, што гэта рэкордная колькасьць наведнікаў на той момант. Затым выстава пабывала ў Гомлі, Віцебску і Воршы.

Паралельна з працай у жывапісе мяне заўсёды цікавілі іншыя сфэры творчага выказваньня. І да сучаснага, актуальнага мастацтва я зьвярнуўся ў выніку доўгіх разважаньняў і спрэчак з самім сабой. Выбар зусім іншага сродку камунікацыі з гледачом быў невыпадковы. Так прасьцей і больш радыкальна адбываецца зьбіцьцё самім табой усталяваных рамак і стандартаў уласнага стылю.

Адкрыцьцё выставы Рамана Заслонава ў Менску. 2015 год
Адкрыцьцё выставы Рамана Заслонава ў Менску. 2015 год

Так у 2016 годзе споўнілася мая мара, калі з маімі сябрамі рэжысэрам Сяргеем Талыбавым і прадусарам Віктарам Лабковічам мы зьнялі наш відэапраект «Стол». Вось тут і можна ўспомніць пра натхненьне. Якраз на навізьне пастаўленай задачы і сапраўдным творчым інтарэсе ўсіх удзельнікаў праекту ён і атрымаўся цікавым для ўсіх пластоў публікі.

У пачатку 2017 году наш праект перамог на нацыянальным конкурсе і паехаў прадстаўляць Беларусь на 57-й Вэнэцыянскай біенале сучаснага мастацтва. Нягледзячы на сьціплае дзяржаўнае фінансаваньне і невялікую спонсарскую дапамогу, нам удалося яскрава і нечакана прагучаць там. Гэта адзначылі шматлікія міжнародныя куратары, мастакі і музэйнікі, што наведалі наш павільён.

Пасьля заканчэньня Вэнэцыянскай біенале праект быў паказаны ў Парыжы і Менску, а ў 2019 годзе зь вялікім посьпехам прагучаў у Дрэздэне на нямецкай біенале сучаснага мастацтва OSTRALE.

Праект «Стол» у Вэнэцыі 2017. Віктар Лабковіч, Раман Заслонаў, Сяргей Талыбаў
Праект «Стол» у Вэнэцыі 2017. Віктар Лабковіч, Раман Заслонаў, Сяргей Талыбаў

Зварот да відэа-арту прывеў мяне і ў мастацкае кіно. Практычна тым жа складам мы паставілі трылер «Унутры сябе», дзе я быў мастаком-пастаноўшчыкам. У канцы 2018 году гэты фільм быў прызнаны найлепшым гульнявым фільмам году ў намінацыі першай нацыянальнай прэміі ў галіне кінэматографу.

Пра сытуацыю ў Беларусі

— Ці сочыш ты за палітычным жыцьцём у Беларусі?

— На жаль, мяне не было на радзіме ў той час, калі зьбіралі подпісы, і я ня змог падпісацца за аднаго з кандыдатаў. Але, вядома, я буду прымаць удзел у выбарах. Я ўжо адзін раз галасаваў тут у амбасадзе ў 2010 годзе. І зараз мы прыйдзем усёй сям’ёй, бо для нас гэта ня проста паставіць птушачку, гэта вельмі важна, і мы поўным сямейным складам аддамо голас за свайго кандыдата.

— Што ты думаеш пра апошнія палітычныя падзеі на радзіме? Ці чакаеш нейкіх зьменаў там?

— Я думаў, што гэтыя выбары будуць падобныя да выбараў 2015 году. Мне нават здавалася, што цяпер, у эпоху каранавірусу, людзям будзе не да палітыкі. Выявілася наадварот. Вірус загнаў людзей у дамы і кватэры, яны праводзілі больш часу каля кампутараў і глыбей паглядзелі на саміх сябе. І вось падчас гэтага погляду на сябе нейкаму, умоўна кажучы, 20-гадоваму маладзёну прыйшла думка: «Мне ўжо 20 гадоў, і што, я жыву ў краіне, дзе яшчэ 20 гадоў будзе ўсё, як было папярэднія 20 гадоў? Не, трэба нешта зьмяніць».

Заўсёды ў гісторыі чалавецтва пікавыя сытуацыі, важныя зьмены прыходзяць нечакана.

Чым бы выбары ні скончыліся, так, як было раней, ужо ня будзе. Можа быць, вонкава ўсё застанецца па-ранейшаму, але ўнутраны зьмест і настрой грамадзтва ўжо іншы. І самае цікавае, што гэтыя зьмены адбыліся не празь дзейнасьць традыцыйнай апазыцыі.

Раман Заслонаў. Рамонт крылаў. 130х195. 2015. Палатно, папера, каляровы аловак
Раман Заслонаў. Рамонт крылаў. 130х195. 2015. Палатно, папера, каляровы аловак

— Што, на тваю думку, зьмянілася цяпер? Народ зьмяніўся?

— Так, я лічу, што зьмяніўся народ.

Цэнтральным вобразам маёй творчасьці заўсёды была жанчына. І ў жывапісе і ў відэа-арце яна адыгрывае важную ролю. І гэта так прыемна і цікава для мяне, што ў рэшце рэшт і ў палітыцы зьявіўся прыемны і адкрыты жаночы твар.

Пра Беларусь і беларускую мову

— Калі б у Беларусі адбыліся зьмены і краіна стала б падобнаю да Польшчы ці Літвы, ці ўзьнікла б у цябе жаданьне вярнуцца?

— Каб вяртацца, трэба зьехаць. А я не лічу сябе эмігрантам. Я грамадзянін Рэспублікі Беларусі. І ніколі насамрэч зь Беларусі не зьяжджаў. Дзякуй Богу, што мы можам свабодна перамяшчацца з адной краіны ў іншую.

— Наша інтэрвію ідзе па-беларуску, у цябе вельмі добрая беларуская мова. Як ты яе падтрымліваеш у Францыі?

— На жаль, я тут яе кожны дзень не выкарыстоўваю. У Францыі няпроста падтрымліваць валоданьне жывой беларускай мовай. Мне здаецца, што я карыстаюся ёй недасканала.

— Якую апошнюю кнігу ты прачытаў па-беларуску?

— Цяпер у мяне на століку каля ложку ляжыць некалькі кніг. Адна зь іх — «Пяты этап» Сяргея Пясецкага, якую я дачытваю.

Побач зь ёй кніга на расейскай мове — «Воспоминая» мастака Аляксандра Бенуа.

І заўсёды пры маім ложку кніга вершаў Максіма Багдановіча — маю патрэбу да яго час ад часу «дакранацца».

Наагул у мяне тут няшмат кніжак па-беларуску, але троху ёсьць.

Раман Заслонаў (у цэнтры) на здымках сэрыялу „Следы апостола“ 2 лютага 2020
Раман Заслонаў (у цэнтры) на здымках сэрыялу „Следы апостола“ 2 лютага 2020

«Карантын стаў прыемным часам, бо дапамог сям’і сабрацца разам»

— Як пандэмія каранавірусу паўплывала на тваю творчасьць і жыцьцё, што зьмянілася?

— Менавіта маё жыцьцё яна не зьмяніла ніяк. Толькі нейкія дробязі. Стала менш паходаў у крамы — калі раней гэта было два разы на тыдзень, то цяпер раз на два тыдні. Два месяцы я ня быў у Парыжы (мы жывем у вёсцы пад Парыжам), бо амаль усё было зачынена і там не было чаго рабіць. Дый страшна было: на тое і карантын, каб сядзець дома.

Але сам распарадак дня ніяк не зьмяніўся. І, відаць, шмат мастакоў маглі б сказаць тое самае. Бо жыцьцё мастака гэта такі пастаянны карантын. Выбіраючы такую прафэсію, будучы мастак павінен ведаць, што ён сам сябе пасадзіў на карантын.

Для мяне карантын стаў прыемным часам, бо сям’я сабралася разам больш чым на два з паловай месяцы.

Адно што ўвечары мы ўключалі тэлевізар, і там нам расказвалі пра пагаршэньне сытуацыі, пра новыя лічбы хворых і памерлых.

Цяпер, напрыканцы ліпеня, адчуваецца, што ў Францыю прыходзіць другая хваля хваробы. Зноў уводзяць абавязковае нашэньне масак, абмяркоўваюць іншыя строгія захады. За нашэньнем масак на вуліцах будуць сачыць камэры, калі выявіцца, што недзе будзе шмат людзей бяз масак, туды тэрмінова будзе выяжджаць паліцыя і штрафаваць іх.

На прэзэнтацыі фільму „Стол“ у Менску
На прэзэнтацыі фільму „Стол“ у Менску

На жаль, людзі ва ўсім сьвеце аднолькавыя. Калі ім кажуць, што можна зьняць маскі, яны думаюць, што ўсё дакарантыннае жыцьцё вярнулася назад і можна рабіць усё тое самае, што і тады. Насамрэч карантынныя захады здымаюць, каб не памерла эканоміка, каб яна хоць троху магла рухацца наперад.

— А сам ты сьцеражэсься? Баісься захварэць? Носіш маску?

— Маску нашу, вірусу баюся, але вялікага страху, параноі ў мяне няма. Пачуваюся нармальна. Можа гэта стомленасьць, але я стаў апошнім часам спакайней ставіцца да пагрозы.

— Як ты рэагаваў у пачатку пандэміі?

— Ну, напрыклад, быў зроблены запас прадуктаў. Не такі вялікі, але большы, чым звычайна, у нармальным жыцьці.

Мне здаецца, што тут ёсьць розьніца паміж Беларусьсю і Францыяй. У Беларусі заўсёды ёсьць невялікі запас дома — пару кіляграмаў мукі, крупы, пара пляшак алею. А ў Францыі алей купляюць, калі ў пляшцы не засталося ні кроплі.

Добра, што мы жывем у вёсцы. Тутака ёсьць чалавек, які выйшаў на пэнсію і трымае гарод. Мы ў яго купляем гародніну, таксама купляем свойскія яйкі, можна купіць індыка ці курыцу. І я табе скажу, што якасьць гэтых прадуктаў і мяса проста фантастычная. Ніколі ня думаў, што проста зваранае яйка можа быць такім смачным — проста пасоліш і дэгустуеш як ікру ці іншы даражэзны далікатэс, той жа ўзровень! І так ужо ня першы год. Такія вось простыя жыцьцёвыя радасьці.

На Вэнэцыянскай біенале ў 2017 годзе
На Вэнэцыянскай біенале ў 2017 годзе

А наагул жыцьцё ў вёсцы, свой дом, свая асабістая прастора не на дваццаці-сарака квадратных мэтрах, але на дваццаці-трыццаці сотках адчуваецца і ўспрымаецца зусім па-іншаму.

І цяпер цэніцца асабістая прастора і яе колькасьць. Але мне здаецца, што ў будучыні гэта будзе яшчэ больш цаніцца. Пачуцьцё прыватнасьці, інтыму вельмі важнае. І трэба, каб чалавек меў не дзясяткі мэтраў, але сотні і тысячы. Я думаю, што гэта будзе асноўнай каштоўнасьцю.

У Францыі я жыву ў вёсцы, у Менску — у горадзе, таму магу параўноўваць два спосабы жыцьця.

Што будзе пасьля каранавірусу

— У самым пачатку пандэміі шмат казалі, што сьвет будзе іншым, зьменяцца дачыненьні паміж людзьмі і т. д. А цяпер кажуць, што ня зьменіцца амаль нічога, хіба што давядзецца перажыць эканамічны крызіс. Як ты думаеш, якім будзе сьвет пасьля пандэміі? Ці зьменіць яна нешта ў жыцьці чалавецтва, ці ўсё застанецца па-ранейшаму?

— Я думаю, сьвет будзе іншым. Пытаньне — мера гэтай іншасьці. Мы, напрыклад, ня ведаем, якой будзе другая хваля. Стаўленьне да пандэміі было розным у розных краінах, у Беларусі вунь, паводле афіцыйных зьвестак, яе амаль не было. Але я бачу, што людзі мяняюцца. Я думаю, што гэты досьвед не застанецца марным, наадварот — ён вельмі каштоўны.

Чалавецтва, напрыклад, зразумела, што ня трэба штодзень бегаць на працу, можна працаваць і дыстанцыйна, і вынікі будуць такія ж добрыя, як і раней.

Раман Заслонаў у Рыме
Раман Заслонаў у Рыме

Выкарыстаньне чалавечых і спажываньне прыродных рэсурсаў павінна зьмяніцца. Трэба зразумець, што так карыстацца плянэтай нельга, трэба ставіцца да прыроды больш ашчадна.

Спадзяюся, што і ў палітыцы нешта зьменіцца. Цяпер надышлі такія часы, што ў сьвеце няма ніводнай краіны, якая б жыла спакойна і стабільна. Крызіс наступіў ва ўсім сьвеце і амаль адначасова, а пандэмія яго толькі ўзмацніла. І гэты час робіцца цікавым.

Так што я думаю, што, нягледзячы на адмоўныя бакі пандэміі, прынесла яна і нешта станоўчае.

***

Раман Заслонаў нарадзіўся у 1962 годзе ў Менску. У 1985 годзе скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў па спэцыяльнасьці «жывапіс». У 1987–1990 гадах стажаваўся ў майстэрнях Акадэміі мастацтваў СССР у Менску. Творчую дзейнасьць пачаў у 1980 годзе, ад 1990 году — сябра Саюзу мастакоў Беларусі. У 1997 годзе стаў удзельнікам выставы Salon D’Autumn у Парыжы і атрымаў на ёй першы прыз. Пэрсанальныя выставы меў у Gallery Frederic Got (2002, Парыж), Gallery Kashia Hildebrand (2003, Парыж), Gallery КМ (2011, Чыкага), Нацыянальным мастацкім музэі Рэспублікі Беларусі (2015, Менск). Быў аўтарам і куратарам беларускага нацыянальнага павільёну на на 57-й Вэнэцыянскай біенале (2017). Удзельнічаў з праектам „Стол“ у міжнароднай біенале Ostrale у Дрэздэне (2019). Працы знаходзяцца ў шматлікіх дзяржаўных і прыватных зборах Беларусі і ўсяго сьвету. Жыве і працуе ў Беларусі і Францыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG