Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На чэмпіёна Грузіі ў бодыбілдынгу склалі яшчэ 2 пратаколы за абразу БРСМаўцаў. Ён зьехаў зь Беларусі


Шота Лабжанідзэ
Шота Лабжанідзэ

На чэмпіёна Грузіі ў бодыбілдынгу Шоту Лабжанідзэ склалі яшчэ два адміністрацыйныя пратаколы за абразу актывістаў БРСМ, паведамляе Tut.by.

Паводле Шоты Лабжанідзэ, пратаколаў ён яшчэ не падпісаў, бо на мінулым тыдні разам зь сямʼёй часова зьехаў зь Беларусі. «Хутчэй за ўсё, павінны даслаць поштаю», — кажа Лабжанідзэ.

16 ліпеня яму патэлефанаваў, а потым напісаў у мэсэнджар чалавек, які назваўся супрацоўнікам РУУС, і паведаміў, што «ўсяго [было] чатыры пацярпелыя, засталіся два». Ён нагадаў, што пра гэта Лабжанідзэ папярэджвалі, і папрасіў «не пагаршаць становішча».

Пратаколы склалі паводле арт. 9.3 КаАП («Абраза», караецца штрафам да 540 рублёў).

19 чэрвеня Лабжанідзэ затрымалі каля менскага цырка падчас «Ланцуга салідарнасьці», але ў пратаколе аб адміністрацыйным парушэньні пазначылі, нібыта гэта адбылося на Грушаўцы, дзе ён браў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

У пратаколе затрыманьня было напісана, што ён выкрыкваў лёзунгі «Сыходзь!», «Свабоду палітвязьням» і супраціўляўся праваахоўнікам. Сам жа Шата сьцьвярджаў, што сустракаўся ў цэнтры гораду зь сябрам, амапаўцы проста ўзялі яго пад рукі са словамі: «Занадта павольна ідзяце». У выніку суд аштрафаваў яго на 540 рублёў.

10 ліпеня Лабжанідзэ зноў зацікавіліся праваахоўнікі. Яго затрымалі ў фітнэс-клюбе падчас трэніроўкі супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС, надзелі на яго кайданкі і даставілі ва ўпраўленьне барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС. Там ён прабыў некалькі гадзін, пасьля чаго быў суд і чарговы штраф — 540 рублёў. Гэтым разам яго пакаралі за тое, што ён 6 чэрвеня напісаў актывістцы БРСМ у асабістыя паведамленьні слова, якое расцанілі як абразу.

13 ліпеня пра Шоту Лабжанідзэ выказаўся першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч.

«Давайце адыдзем ад прававой ацэнкі гэтай сытуацыі, — заявіў Казакевіч. — Ацэньваючы з пункту гледжаньня маралі, хіба дастойна грузінскага мужчыны вось такім чынам пісаць абразы жанчыне, члену БРСМ? Напэўна, не. З другога боку, на тое яна і прававая дзяржава, каб паводле закону кожны грамадзянін меў ня толькі правы, але і нёс адказнасьць за ўсё, што ён робіць, у тым ліку і за тыя абразы, якія былі адрасаваныя зусім не вінаватаму чалавеку».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG