Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рыхтуюцца да вучобы», — Міністэрства абароны пра вайсковую тэхніку на вуліцах Менску


Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве абароны патлумачылі зьяўленьне вялікай калёны вайсковай тэхнікі ў Менску 18 ліпеня. Пра доўгую калёну баявых машын напісалі ў сацсетках жыхары вуліцы Каліноўскага ды іншых раёнаў.

Прэсавы сакратар Мінабароны Натальля Гаўрусік не назвала нумар вайсковай часткі, чые вайскоўцы ў суботу езьдзілі на аўтамабілях па вуліцах Менску. Паводле Натальлі Гаўрусік, гэта звычайныя перасоўваньні, зьвязаныя з пачаткам другой паловы навучальнага году ў войску.

«Ва Ўзброеных сілах цягам году праводзяцца сотні мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі. Войскі ўступілі ў другое паўгодзьдзе навучальнага году. Зь ліпеня па кастрычнік ідзе актыўны пэрыяд баявой падрыхтоўкі. Абсалютная большасьць манэўраў так ці інакш зьвязаная зь перасоўваньнем баявой тэхнікі — прыкладам, на палігоны ці ў парк вайсковай часткі.

Часам маршрут пралягае праз кароткія ўчасткі ў межах гораду. Як правіла, гаворка пра колавую тэхніку. Пры плянаваньні маршруту падразьдзяленьні і вайсковыя часткі ўлічваюць гарадзкі трафік і выбіраюць аптымальны час для руху калёнаў», — адказала Натальля Гаўрусік.

Паводле відэа зь Менску, значная частка калёны, пра якую паведамілі ў інтэрнэце, — гэта баявыя машыны пяхоты, прызначаныя ў тым ліку для вядзеньня баявых дзеяньняў. Другая частка калёны складалася зь вялікіх грузавых фургонаў. Калёна прайшла па Менску раніцай 18 ліпеня ў суправаджэньні машын ДАІ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG