Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчукам адказалі на пэтыцыю з патрабаваньнем звольніць кіраўніцтва «Менскводаканалу» за брудную ваду


Напрыканцы чэрвеня траціна жыхароў Менску цярпелі ад няякаснай вады. Гэта закранула жыхароў Фрунзенскага, Маскоўскага, часткі Кастрычніцкага і Цэнтральнага раёнаў. Вось што ім адказалі ў «Менскводаканале».

25 чэрвеня жыхары адразу некалькіх раёнаў Менску скардзіліся на брудную і сьмярдзючую ваду, якая бяжыць з водаправодных кранаў. Праблема заставалася актуальнай некалькі дзён, ваду падвозілі зь іншых раёнаў.

Тады ж на сайце petitions.by зьявілася пэтыцыя з патрабаваньнем звольніць кіраўніцтва «Менскводаканалу», бо жыхары сталіцы не маглі апэратыўна атрымаць ад уладаў гораду інфармацыю пра якасьць пітной вады.

Пэтыцыю накіравалі ў Менгарвыканкам, але адказ прыйшоў з арганізацыі «Менская гарадзкая жыльлёвая гаспадарка» за подпісам намесьніка кіраўніка Цімафея Крэмеза.

У адказе паведамляецца, што «жыхароў інфармавалі праз сайт прадпрыемства і facebook», а «праінфармаваць людзей загадзя было немагчыма». Таксама ў адказе выбачыліся перад жыхарамі Менску за нязручнасьці.

Пра звальненьні ў «Менскводаканале» пакуль не вядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG