Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bloomberg: расейская эліта з красавіка мела доступ да вакцыны ад COVID-19


Выпрабаваньні расейскай вакцыны
Выпрабаваньні расейскай вакцыны

Палітычная і бізнэс-эліта Расеі з красавіка мела доступ да вакцыны ад COVID-19, распрацаванай Нацыянальным дасьледчым цэнтрам эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі ім. Гамалеі, піша Bloomberg са спасылкай на ўдзельнікаў экпэрымэнту.

УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

Пра гэта агенцтву паведаміў навуковец, абазнаны ў сытуацыі. Паводле яго, у вакцынацыі щзялі ўдзел некалькі соцень чалавек, але ўсё гэта вырашылі не афішаваць, каб пазьбегнуць ажыятажу.

Добраахвотнікі ўдзельнічалі ў вакцынацыі бясплатна. Ім ўводзілі дзьве дозы вакцыны. Адзін з топ-мэнэджараў паведаміў, што ў яго не было пабочных эфэктаў. Ён вырашыў зрабіць прышчэпку, каб жыць нармальным жыцьцём і ўдзельнічаць у дзелавых сустрэчах. Некаторыя ўдзельнікі экспэрымэнту паведамілі агенцтву, што ў іх былі высокая тэмпэратура і болі ў цягліцах.

The Bell таксама піша, што ведае як мінімум аднаго чалавека, які пагадзіўся на вакцынацыю ў Цэнтры імя Гамалеі. Яна праходзіла ў два этапы, пасьля першага ў суразмоўцы выданьня падымалася тэмпэратура.

Сярод тых, хто атрымліваў вакцыну, быў кіраўнік расейскага Фонду прамых інвэстыцый Кірыл Дзьмітрыеў і яго сям’я (пра гэта ён расказаў сам), а таксама топ-мэнэджары кампаніі «Русал» і «Фосагро». У кампаніях ад камэнтараў адмовіліся.

Прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў не адказаў на пытаньне, ці рабіў прышчэпку Ўладзімір Пуцін ці хто-небудзь з адміністрацыі прэзыдэнта. Ва ўрадзе таксама не змаглі апэратыўна пракамэнтаваць інфармацыю, піша Bloomberg.

  • Дырэктар Нацыянальнага дасьледчага цэнтру эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі ім. Гамалеі Аляксандр Гінцбург заявіў, што ня ведае аб доступе расейскіх палітыкаў і бізнэсоўцаў да расейскай вакцыны ад COVID-19.
  • Памочнік міністра аховы здароўя Аляксей Кузьняцоў расказаў, што клінічныя выпрабаваньні дзьвюх формаў вакцыны, распрацаванай дасьледчым цэнтрам ім. Гамалеі, працягваюцца: «Вакцыну атрымалі добраахвотнікі, афіцыйна уключаныя ў выпрабаваньні. Пасьля завяршэньня выпрабаваньняў будзе вырашацца пытаньне яе дзяржаўнай рэгістрацыі. На цяперашні момант вакцына ў грамадзянскі абарот ня выпушчана».

Паводле крыніцы Bloomberg, некаторыя топ-мэнэджары адмовіліся ад прапановы, палічыўшы, што вакцына ўсё яшчэ мае патрэбу ў тэставаньні. Гэта можа быць небясьпечна, а каб зразумець рызыкі, спатрэбіцца мінімум год, патлумачыў лекар аднаго з суразмоўцаў.

Вакцына ад COVID-19 пройдзе клінічныя выпрабаваньні і атрымае адпаведны дазвол на выкарыстаньне ў мэдычных установах да сярэдзіны жніўня, казаў раней Аляксандар Гінцбург. Працэс рэгістрацыі вакцыны будзе доўжыцца да 2-4 жніўня, пасьля чаго яшчэ некаторы час зойме працэдура атрыманьня ў «Росздравнадзоре» асобнага дазволу на грамадзянскі абарот. «Недзе 14-15 жніўня адпаведна, я спадзяюся, паступіць у грамадзянскі абарот тая невялікая колькасьць вакцыны, якую ўдасца напрацаваць», — адзначыў Гинцбург.

  • У Маскве 17 чэрвеня пачаліся клінічныя выпрабаваньні дзьвюх формаў вакцыны супраць каранавіруснай інфэкцыі COVID-19, распрацаванай Нацыянальным дасьледчым цэнтрам эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі імя Н. Ф. Гамалеі, паведаміла Міністэрства аховы здароўя. У вайсковым шпіталі імя Бурдэнкі будзе выпрабоўвацца вадкая вакцына, прызначаная для ўнутрыцягліцавага ўвядзеньня, а ў Сечанаўскім унівэрсытэце — вакцына ў выглядзе парашку, зь якога раствор для ўвядзеньня ў цягліцу будуць рабіць на месцы. У абодвух выпадках ў выпрабаваньнях бяруць удзел па 38 добраахвотнікаў.
  • У Расеі распрацоўваецца 47 вакцын ад каранавірусу, абвясьціла 20 траўня віцэ-прэм’ер Тацяна Голікава. Праз шэсьць дзён міністар абароны Сяргей Шайгу даклаў Уладзіміру Пуціну, што клінічныя выпрабаваньні адной зь іх завершацца ўжо ў ліпені.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG