Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нанце затрымалі падазраванага ў датычнасьці да падпалу сабору


У горадзе Нант на захадзе Францыі пасьля пажару ў гатычным катэдральным саборы сьвятых Пятра і Паўла — адным з найбуйнейшых у краіне — затрымалі падазраванага ў датычнасьці да падпалу.

Гэта 39-гадовы ўраджэнец Руанды. Ён валянтэр царкоўнага прыходу, у вечар перад пажарам, як паведамляецца, яму было даручана замкнуць дзьверы сабору. Пракуратура падкрэсьлівае, што супраць яго пакуль ня выстаўлена ніякіх абвінавачаньняў — ён узяты пад варту для допыту, гэта стандартная працэсуальная практыка ў Францыі. Сьледчыя правяраюць магчымыя супярэчнасьці ў ягоных паказаньнях.

Пажар у саборы пачаўся раніцай у суботу. За некалькі гадзін каля 100 пажарных патушылі агонь, аднак сабор быў моцна пашкоджаны. Быў зьнішчаны галоўны орган XVII стагодзьдзя, а таксама вітражы.

Прыярытэтнай застаецца вэрсія наўмыснага падпалу сабору. Пажарныя кажуць адразу пра тры аддаленыя адзін ад аднаго агмяні ўзгараньня. Пры гэтым сьлядоў узлому ў саборы не знайшлі.

Сабор у Нанце будаваўся больш за 450 гадоў, ён быў закладзены ў 1434 годзе, а завершаны ў 1891. У 1972 годзе дах сабору цалкам згарэў і быў адноўлены праз тры гады. Гэта найбуйнейшая гатычная царква ў Брэтані, толькі на 6 мэтраў ніжэйшая за сабор Парыскай Божай Маці, які ў мінулым годзе таксама пацярпеў ад моцнага пажару.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG