Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітрыеў лічыць, што альтэрнатыўныя кандыдаты павінны 27 ліпеня паказаць адзінства


Пікет Андрэя Дзьмітрыева ў парку Дружбы Народаў

Кандыдат у прэзыдэнты сустаршыня грамадзкага абʼяднаньня «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў гатовы да супрацоўніцтва са Сьвятланай Ціханоўскі, але пакуль не плянуе зь ёй абʼядноўвацца.

18 ліпеня ў 17 гадзін на цэнтральнай адкрытай пляцоўцы менскага парку Дружбы Народаў пачаўся першы перадвыбарчы пікет Дзьмітрыева. Ён прыцягнуў увагу каля 60 грамадзянаў, а таксама дзясятка журналістаў.

Малады чалавек, які прыйшоў на пікет Дзьмітрыева, пацікавіўся ў кандыдата ў прэзыдэнты яго меркаваньнем аб магчымасьці абʼяднаньня са штабамі Ціханоўскай, а таксама незарэгістраваных Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы, якія 16 ліпеня абвясьцілі аб стварэньні кааліцыі.

«Я лічу, што мы сёньня з гэтымі трыма штабамі, а калі быць дакладней, то са Сьвятланай Ціханоўскай, ідзем адзіным фронтам, — адказаў сустаршыня „Гавары праўду“. — Гэта абсалютнае адзінства мэтаў, абсалютнае адзінства задач. Я гатовы і да каардынацыі, і да сумесных дзеяньняў, гэта наогул без пытаньняў. Што датычыцца далейшых крокаў, давайце глядзець на тое, як будзе разьвівацца кампанія».

Дзьмітрыеў лічыць, што 27 ліпеня, у дзень 30-годзьдзя абвяшчэньня сувэрэнітэту Беларусі ад СССР, альтэрнатыўным кандыдатам трэба зрабіць нешта, што «паказала б адзінства». «Тэма незалежнасьці абʼядноўвае 100% усіх, я на гэта шчыра спадзяюся», — сказаў ён.

Па словах кандыдата ў прэзыдэнты, 9 жнiўня пройдуць «ня выбары, а бітва за выбары». «Шэсьць тысяч адборных салдат рэжыму будуць лічыць галасы. Мы да кожнага зьвернемся: калі ласка, лічыце галасы сумленна, таму што вы лічыце ня голас Дзьмітрыева, Ціханоўскай і нават Лукашэнкі, вы лічыце голас маіх дзяцей», — заявіў палітык.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG