Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск настойвае на зьніжэньні цаны расейскага газу, Масква не згаджаецца


Віктар Каранкевіч, міністар энэргетыкі Беларусі

Беларусь працягвае перамовы з расейскай карпарацыяй «Газпрамом» аб зьніжэньні цаны на газ у 2020–​2021 гадах, заявіў кіраўнік Міністэрства энэргетыкі Віктар Каранкевіч.

«Пытаньне ёсьць, працягваюцца перамовы аб цэнаўтварэньні, у тым ліку на 2021 год», — спасылаецца на чыноўніка агенцтва «Інтэрфакс».

Адказваючы на пытаньне, да якога ўзроўню Менск прапануе зьнізіць цану на газ, міністар адзначыў, што гэта якраз і ёсьць «прадметам перамоваў».

«Пытаньне стаіць, каб цана была канкурэнтаздольная, у першую чаргу для нашых суб’ектаў гаспадараньня. Перамовы працягваюцца, пытаньне аб 2021 годзе пакуль адкрытае», — адзначыў ён.

У саюзных адносінах па-ранейшаму застаецца праблемным пытаньнем спрэчка аб цане на расейскія энерганосьбіты для Беларусі.
Афіцыйны Менск ад канца 2019 году прапануе зьнізіць цану на газ, якая ўпала на спотавых рынках Эўропы на фоне рэзкага зьніжэньня сусьветных цэнаў на нафту. Аляксандар Лукашэнка неаднаразова казаў пра наяўнасьць альтэрнатывы расейскаму газу.

Беларусь штогод імпартуе з Расеі каля 20 млрд кубамэтраў газу. Гадавы кантракт па цане 127 даляраў за тысячу кубамэтраў быў падпісаны 14 лютага.

«Газпром» у канцы траўня заявіў, што гатовы пачаць перамовы аб пастаўках газу налета пры захаваньні цэнавых умоваў сёлетняга кантракту і пагашэньні беларускім бокам запазычанасьці на 165 млн даляраў.

У Менску не прызнаюць наяўнасьць доўгу і тлумачаць сытуацыю рознагалосьсямі ў частцы вызначэньня цаны на газ ў залежнасьці ад яго калярыйнасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG