Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Евалюцыя: жаночае аблічча цяперашніх пратэстаў


Пратэст у Менску, 14 ліпеня 2020
Пратэст у Менску, 14 ліпеня 2020

Зусім нядаўна Аляксандар Лукашэнка назваў жанчын небаракамі і заявіў, што Канстытуцыя – гэта надта вялікі для нас цяжар. Але цяпер жанчыны на акцыях пратэсту паказваюць, хто ў гэтай краіне сапраўдны небарака.

Зь нейкай прычыны жанчын цяпер затрымліваюць нашмат радзей за мужчын. Відавочна, што гэта зьвязана з загадам ад кіраўніцтва. У чым галоўная задума? Паказаць, што жанчын не разглядаюць як пагрозу? Прыбраць з пратэстаў найперш высокіх і фізычна моцных мужчын, якія могуць аб’ядноўвацца і пасьпяхова адбіваць напады амапаўцаў і людзей у цывільным? Спроба быць пасьлядоўнымі ў сэксізьме?

Ну, апошняе – вельмі наўрад ці. Мяркуючы па расповедах Вольгі Мікалайчык, якая нядаўна правяла ў карцары 22 дні, нейкага спэцыфічна мяккага стаўленьня да затрыманых жанчын няма.

Хутчэй за ўсё, улады сапраўды разглядаюць у якасьці найбольшай пагрозы фізычны супраціў, і таму перш за ўсё прыбіраюць з вуліц тых, хто візуальна выглядае наймацнейшым. Разам зь іншымі фактарамі гэта прыводзіць да таго, што ў цяперашніх пратэстаў вымалёўваецца вельмі выразнае жаночае аблічча.

Цяперашні супраціў ужо называюць Евалюцыяй – гэта адсылка да канфіскаванай карціны Хаіма Суціна «Ева». Упершыню за ўсю гісторыю Беларусі ў якасьці кандыдатак у прэзыдэнты адначасова зарэгістраваныя дзьве жанчыны. Адна зь іх, Сьвятлана Ціханоўская, фактычна і стала натхняльніцай новага віду пратэсту: калі мужчыны, што дзейнічаюць паводле стандартных схем, аказваюцца за кратамі, жанчыны на волі дзейнічаюць нестандартна.

Ціханоўская зарэгістравала ініцыятыўную групу на выбарах, калі арыштавалі яе мужа. Марыя Калесьнікава, каардынатарка штабу Віктара Бабарыкі, пасьля ягонага арышту працягнула ягоную палітычную кампанію і, здаецца, распачала новую традыцыю крэатыўнай камунікацыі з выбарцамі. Вераніка Цапкала выказвала салідарнасьць з апанэнткай і апанэнтам свайго мужа, каб паказаць, што салідарнасьць — рэч неацэнная.

І гэта быццам бы «пайшло ў народ». Жанчыны цяпер праяўляюць вялізную сьмеласьць і зьдзіўляюць людзей навокал і, здаецца, часам нават саміх сябе. Вядома ж, падобнае было і на мінулых пратэстах – жанчыны ніколі не адседжваліся ўбаку. Але на фоне нядаўняй заявы Лукашэнкі пра жанчын-небарак гэтая актыўнасьць і творчасьць выглядаюць асабліва прыгожа. Прынамсі, у маіх вачах.

Натоўп стаіць насупраць шэрагу амапаўцаў? Дзяўчына сядае перад гэтым натоўпам і проста сядзіць, гледзячы на байцоў. Іншая дзяўчына бачыць, як яе хлопца хапаюць і запіхваюць у аўтазак? Яна бяжыць да гэтага аўтазака, грукае ў дзьверы, пакуль іх не адчыняюць знутры, і літаральна заскоквае ў машыну.

Не зарэгістравалі самых папулярных кандыдатаў? Людзі становяцца ў чаргу, каб пісаць скаргі ў ЦВК. Скончыўся працоўны дзень у ЦВК? Ідуць на паштамт, каб адправіць скаргі па пошце. Паштамт раптам аказаўся зачынены? Ідуць на вакзал, каб даслаць скаргі адтуль. Там, праўда, таксама пошта рэзка зачыніліся, а людзей у працэсе гэтых паходаў сталі жорстка затрымліваць.

Мы падмяняем адно аднаго, шукаем новыя спосабы барацьбы, часам робім нешта такое, чаго ніхто ня мог чакаць. Гэта не спаборніцтва, хто ярчэй адзначаецца на пратэстах. Мы ўсе па адзін бок барыкад, і небаракі тут дакладна ня мы.

Небаракі – тыя, хто праганяе людзей з плошчаў і вуліц. Вось у каго дакладна не павінна быць аніякай улады, – яны зусім ня ўмеюць ёю распараджацца. І нешта мне падказвае, што жаночая актыўнасьць іх злуе з падвойнай сілай. Падрывае карціну сьвету, так бы мовіць. Але ім давядзецца зьмірыцца, бо мы нікуды ня зьнікнем.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG