Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія пранкеры пагутарылі з прэзыдэнтам Польшчы ад імя генэральнага сакратара ААН


Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда

Расейскія пранкеры Ўладзімір Кузьняцоў (Ваван) і Аляксей Сталяроў (Лексус) патэлефанавалі прэзыдэнту Польшчы Анджэю Дуду, прадставіўшыся генэральным сакратаром ААН Антонію Гутэрышам. Запіс 11-хвіліннай размовы яны апублікавалі на YouTube.

Пранкер-суразмоўнік ад імя Гутэрыша павіншаваў Дуду зь перамогай на нядаўніх выбарах і абмеркаваў зь ім змаганьне з пандэміяй каранавірусу ў Польшчы. Падчас абмеркаваньня Дуда выказаў дапушчэньне, што галоўнай крыніцай заражэньня жыхароў Польшчы магла стаць Украіна.

Пранкер таксама спаслаўся на нібыта праведзеную нядаўна размову з былым прэм’ер-міністрам Польшчы і былым старшынём Эўрапейскай Рады Дональдам Тускам, які нібыта сказаў, што Дуда зьбіраецца ўшчамляць правы ЛГБТ. Дуда запярэчыў такім намерам.

Ад імя генэральнага сакратара ААН пранкер-суразмоўнік Дуды прапанаваў прэзыдэнту Польшчы забраць Львоў і некаторыя іншыя ўкраінскія гарады. Прэзыдэнт Польшчы запэўніў суразмоўцу, што падобных настрояў у Польшчы няма і краіна знаходзіцца ў добрых стасунках з Украінай.

Канцылярыя прэзыдэнта Польшчы пацьвердзіла аўтэнтычнасьць запісу размовы Дуды з расейцамі.

«У часе размовы я зарыентаваўся, што нешта тут, мабыць, ня так. Генэральны сакратар не вымаўляе ажно так добра слова „зуброўка“, хоць голас быў вельмі падобны», — пракамэнтаваў размову з пранкерамі Анджэй Дуда ў Твітэры.

Анджэй Дуда перамог Рафала Тшаскоўскага на прэзыдэнцкіх выбарах у Польшчы 12 ліпеня, атрымаўшы 51,03% галасоў; вынік Тшаскоўскага — 48,97%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG