Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арцыбіскуп Кандрусевіч: ксяндзу Завальнюку не давалі дабраслаўленьня на новую пілігрымку на монаколе


Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк выяжджае на монаколе ў Будсалаў, 29 чэрвеня 2020 году.

На сайце catholic. by зьявілася заява кіраўніка Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, у якой ён жорстка выказваецца пра новую ініцыятыву пробашча Чырвонага касьцёла ў Менску ксяндза Ўладзіслава Завальнюка.

Некалькі дзён таму зьявілася інфармацыя, што ксёндз Завальнюк зьбіраецца на монаколе аб’ехаць па пэрымэтры Беларусь з малітвай аб выбаўленьні краіны ад каранавірусу.

Раней, з 29 чэрвеня да 2 ліпеня, ксёндз Завальнюк зрабіў пілігрымку на монаколе ў Будслаў.

У заяве кіраўніка Каталіцкай царквы Беларусі Тадэвуша Кандрусевіча чатыры пункты:

1. Каталіцкая царква зь першых дзён распаўсюджваньня гэтай заразнай і вельмі небясьпечнай эпідэміі заклікала і далей заклікае маліцца ў інтэнцыі выбаўленьня ад яе і пераадоленьня выкліканых ёю наступстваў. Для гэтага было арганізавана шмат пастырскіх акцый як на агульнабеларускім, так і на дыяцэзіяльным узроўні.

2. Ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк не зьвяртаўся да Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі з прапановай арганізаваць яго аднаасобную пілігрымку па пэрымэтры Беларусі. Таму яму ніхто не даваў дабраслаўленьня на гэтую акцыю.

3. Пілігрымка, якую арганізаваў ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, носіць прыватны характар і ажыцьцяўляецца ў межах належнага кожнаму сьвятару штогадовага адпачынку.

4. Кананічнае права Каталіцкай царквы (кан. 935) забараняе нашэньне пры сабе Найсьвяцейшага Сакрамэнту, таму ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк ня можа браць яго з сабой у пілігрымку, гаворыцца ў заяве арцыбіскупа Кандрусевіча.

Рэакцыя ксяндза Ўладзіслава Завальнюка на гэтую заяву пакуль невядомая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG